Тэма Курапатаў выйшла на нацыянальны ўзровень


«Баявая нічыя» – гэтак Павел Севярынец падсумаваў перамовы са старшынём Менскага гарвыканкаму на тэму канфлікту вакол урочышча Курапаты. Нягледзячы на рашэнне прыпыніць будоўлю на тыдзень, актывісты пакуль адмовіліся ліквідаваць лагер абаронцаў Курапатаў ды патрабуюць канчатковага спынення будовы бізнес-цэнтру побач з масавымі пахаваннямі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Больш за дваццаць асобаў прыйшлі сёння да будынку Менскага гарвыканкаму

Да апошняй хвіліны было спадзяванне, што на сустрэчу з кіраўніком гораду Андрэем Шорацам прапусцяць журналістаў. Хутка выявілася, што на перамовы могуць увайсці толькі чатыры асобы, раней зацверджаныя чыноўнікамі. Размова адбылася без удзелу незалежных медыяў.

Перамовы за закрытымі дзвярыма цягнулася паўтары гадзіны. Прадстаўнікі грамадскай супольнасці Марат Гаравы, Юры Сцепанішчаў, Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец пераконвалі гарадскія ўлады, што будаўніцтва офіснага цэнтру побач з Курапатамі трэба канчаткова спыніць.

«Тут ёсць перспектыва. Гэта ўжо іншая сітуацыя чымся на пачатку будаўніцтва, калі ўлада папросту праломвала праз будаўнікоў сваю лінію. Зараз ёсць калі не нейтралітэт, то пакуль баявая нічыя. Мы верым, што пераможам у гэтай сітуацыі», – аптымістычна зазначыў Павал Севярынец.

Чыноўнікі паабяцалі, што працы ў Курапатах прыпыняць на тыдзень

У гэты час адбудуцца перамовы гарадскіх уладаў з Міністэрствам культуры ды іншымі ведамствамі.

«Спадар Шорац падкрэсліў, што тэма Курапатаў выйшла на нацыянальны ўзровень. Ён гэта разумее, ён сказаў аб гэтым», – падкрэсліў Аляксей Янукевіч з партыі БНФ.

Жарсці вакол месца масавых пахаванняў працягваюцца ўжо другі тыдзень

Пабач з Курапатамі ўсцяж разгорнуты лагер абаронцаў. Разбіраць яго не будуць да станоўчага развязання праблемы.

«Курапаты гэта нацыянальная святыня. Нельга іх чапаць! Нельга каля іх нічога будаваць, нельга там нічога кранаць. Не чапайце вы гэтыя Курапаты, сыдзіце адтуль. Вярніце сапраўдную ахоўную зону 300 метраў», – кажа абаронца Курапатаў Марат Гаравы.

Аднак менскія чынонўнікі ставяцца да Курапатаў інакш. Пазаўчора ў адміністрацыі Першамайскага раёну прайшло паседжанне адмысловай камісіі з удзелам намесніка старшыні Васіля Касаўца. На сустрэчу ўдалося прайсці некалькім дзясяткам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Абаронцы ўрочышча заявілі, што зямлю пад будоўлю бізнес-цэнтру чыноўнікі вылучылі незаконна.

Чатыры гады таму канфліктная тэрыторыя яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону

Аднак на галасаванне камісіі гэты факт не паўплываў. Паводле зацверджанага пазаўчора дэталёвага плану, забудова побач з Курапатамі вядзецца законна.

У сваю чаргу забудоўнік у асобе кампаніі «Белреконструкция» цяпер задаецца пытаннем: чаму чыноўнікі прадалі надзел, які тады ўваходзіў у ахоўную зону? Абаронцы Курапатаў плануюць змагацца далей. У пятніцу а 18 гадзіне побач з будоўляю пройдзе агульнагарадскі мітынг.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: tut.by