Аб'ектыў 04.06.2018 Тэхналагічны прарыў па-беларуску: ПВТ павялічыўся на сто новых кампаніяў


Вялікім поспехам называюць улады павелічэнне колькасці рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў. Пасля прэзідэнцкага ўказу іх стала на траціну болей, бо ўмовы для ўваходу ў ПВТ істотна спрасціліся. Уваход – просты! А што на выхадзе? Калі можна будзе падлічваць не колькасць рэзідэнтаў, а прынесеныя імі ў Беларусь даходы?

Больш за сто новых кампаніяў зарэгістраваліся ў Парку высокіх тэхналогіяў толькі за першую палову гэтага года. Няўжо на нашых вачах сапраўды адбываецца тэхналагічны прарыў?

Беспрэцэдэнтны рост колькасці рэзідэнтаў улады ў першую чаргу звязваюць з прыняццем дэкрэту аб развіцці лічбавай эканомікі, які пачаў працаваць з канца сакавіка гэтага года і істотна спрасціў кампаніям уваход у ПВТ.

«Удумайцеся ў гэтыя лічбы. За папярэднія гады ў парк у сярэднім уступала адна кампанія за месяц. А за першыя тры месяцы цяперашняга года пасля прынятых намі рашэнняў – больш за 50. Гэта новыя працоўныя месцы – прытым якія працоўныя месцы! Прыток валюты ў краіну і даданыя плацяжы ў бюджэт. Мы працягнем будаваць лічбавую эканоміку», – казаў Лукашэнка.

Са словаў экспертаў, пасля прыняцця «лічбавага» дэкрэту рэзідэнтамі ПВТ здолелі зрабіцца кампаніі, якія раней не маглі туды трапіць і, адпаведна, атрымаць ільготы. Такія, як, напрыклад, усяго 9 % падатку на прыбытак і вызваленне ад падатку на дададзеную вартасць.

«Цяпер за стартапы вельмі вялікая канкурэнцыя ў свеце. І нашыя суседзі – і Літва, і Польшча, і Эстонія – робяць умовы, каб стартапы ехалі да іх. Таму калі наш ПВТ так лаяльна ставіцца, што дае ільготы нават стартапам, у якіх наагул няма нічога, акрамя ідэі ды нейкіх базавых сродкаў, гэта вялікі плюс», – кажа ІТ-менеджар Сяргей Лаўрыненка.

Улады робяць вялікую стаўку ў развіцці эканомікі на IT-сектар, нават разглядаюць яго ў якасці лакаматыва. Але ці такія надзеі падзяляюцца звычайнымі беларусамі?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Менавіта ІТ-сфера… Без удзелу людзей, якія сядзяць ва ўрадзе, нічога не атрымаецца».

«Тэхналогіі нас выратуюць, я спадзяюся».

«Гэта прадукт з высокай даданай вартасцю, канкурэнтаздольны на замежным рынку».

«Гэта перспектыўная галіна, што развіваецца. Хочацца спадзявацца, што гэта дапаможа нам. Але трэба, канечне, працаваць і ў іншых кірунках».

«З гэтых ста кампаніяў 99 працуюць на вонкавы рынак, і я не думаю, што на беларускім гэта неяк адаб’ецца».

На гэты момант у ПВТ амаль 300 рэзідэнтаў. Большасць – беларускія кампаніі. Аднак ёсць прадстаўнікі ЗША, Аўстраліі, Канады, Расеі ды іншых краінаў. Кіраўніцтва краіны неаднаразова заяўляла, што патрэбна зрабіць ІТ-сектар арыентаваным не толькі на экспартную вытворчасць, але і цалкам інтэграваным у айчынную эканоміку.

«Нашыя прадпрыемствы – у нейкім іншым тэхналагічным укладзе, і таму нават калі ёсць жаданне (а я разумею, што яно ёсць) неяк аб’днаць нашыя айцішныя кампетэнцыі ды прамысловасць, гэта вельмі цяжка. Бо там яшчэ шмат праблемаў да ІТ трэба вырашыць, каб ІТ туды прыйшло і была з гэтага нейкая карысць», – кажа ІТ-менеджар Сяргей Лаўрыненка.

На меркаванне экспертаў, для паспяховага развіцця ІТ-сектару не дастаткова стварыць добрыя ўмовы для самых яго прадстаўнікоў – вялікую ролю грае і агульны інвестыцыйны клімат. А праца над ім вымагае сістэмных зменаў. І не толькі ў эканоміцы.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары