Аб'ектыў 01.12.2017 Татарам у Беларусі – 620 гадоў


Татары жывуць побач з беларусамі ўжо больш за шэсць стагоддзяў. Сёння іх у Беларусі – каля 10 тысячаў.

Сёння татарская дыяспара адзначае сваю 620-ую гадавіну. Святкаванні адбываюцца ў розных гарадах краіны. У сталіцы ж урачыстую імпрэзу зладзілі ў Менскай саборнай мячэці.

З нагоды падзеі ў краіну завіталі дыпламаты ды духавенства з Расеі, Польшчы, Турцыі, Лівану і Палестыны. Цэнтральнаю ж падзеяй гадавіны стаў святочны намаз.

«Для беларускіх татар фактарам захавання этнасу стала тое, што яны моцна, паслядоўна прытрымліваліся сваёй рэлігіі. Менавіта іслам, не мова, а агульная рэлігія стала фактарам яднання нашай супольнасці», – кажа Дзмітрый Радкевіч, старшыня рады імамаў Беларусі.

Першыя татары прыйшлі на беларускія землі з Залатой арды. Са згоды князя Вітаўта яны атрымалі дазвол на пасяленне на тэрыторыі ВКЛ. Татары абаранялі краіну ад захопнікаў, змагаючыся часам і супраць сваіх адзінаверцаў.

«Мы будзем змагацца за ліцвінаў, якія абяцалі пры ўступленні нашым на гэтую зямлю, што гэты пясок, што гэтая зямля, што гэта трава, што гэтыя дрэвы будуць нам агульнымі«. Менавіта гэтыя словы дэкларавання, словы абяцання, якія былі дадзены шмат стагоддзяў назад, яны і на сёння з’яўляюцца свайго роду лозунгам для сучасных тутэйшых мусульманаў і татар таксама», – кажа Дзмітрый Радкевіч.

Пазней татарамі на тэрыторыі Беларусі сталі называць усіх мусульманаў, што паходзілі нават з розных плямёнаў. Таму моваю агульных зносінаў для іх у хуткім часе стала беларуская. Што да мовы малітваў – тут да нашых часоў прытрымліваюцца арабскай. Да другой сусветнай Беларусь налічвала каля 40 мячэцяў і малітвенных дамоў. Пасля вайны ды савецкай уцалела адзіная мячэць у Іўі. Цяпер горад лічыцца сталіцаю беларускіх татараў.

Іван Шабановіч, старшыня іўеўскай мусульманскай рэлігійнай абшчыны кажа, што татары заўсёды жылі ў мястэчку кампактна, у адным месцы, мясцовасць называлася «Мураўшчызна».

«На мой погляд, гэта і захавала абшчыну, таму што жылі побач з мячэццю ўсе, наведвалі мячэць людзі, не перапынялі заняткі нават у 50-я 60-я гады, калі была неаб’яўленая барацьба з рэлігіяй», – кажа Іван Шабановіч.

За стагоддзі, падчас якіх татары жылі на беларускай зямлі, у іх не існавала праблемаў суіснавання з іншымі нацыянальнасцямі ды людзьмі іншай рэлігіі. Больш за тое, шмат хто з выбітных беларускіх дзеячаў – меў татарскія карані. У іх ліку і беларускі паэт ды празаік Францішак Багушэвіч. Цяпер жа татары – частка беларускага этнасу. Агульная іх колькасць налічвае каля 10 000 чалавек.

Юлія Лабанава

Глядзі таксама
Каментары