Танкі на Данбасе ездзяць на беларускай «салярцы»?


Траціна ўсяго дызельнага паліва ва Украіне з Беларусі! Пра гэта заявіла кансалтынгавая кампанія UPECO. Падаецца, гэткімі паказнікамі можна ганарыцца, аднак ёсць адная малапрыемная акалічнасць. Менавіта на дызелі працуе вайсковая тэхніка, якая цяпер размяшчаецца і ваюе на Данбасе…

Украінцам адпавядае дызель… У паслярэвалюцыйнай краіне ўдвая зменшылася папулярнасць бензіну на карысць «дызельнага паліва» – паказвае афіцыйная статыстыка. Беларусь пачала зарабляць больш. Ігар Тышкевіч, палітолаг, Кіеў:

«Беларусь умацавала свае пазіцыі за часамі Януковіча, калі пастаўкі часткова адбываліся кантрабанднымі схемамі. Калі параўнаць статыстыку Беларусі за 2017 год са статыстыкаю імпарту Украіны, то нестыкоўка сягала паўмільярда долараў за год».

У кансалтынгавай кампаніі UPECO падлічылі, што летась Украіна набыла за мяжою паліва больш чымся на $ 5 млрд. Беларусь па-ранейшаму найбуйнейшы пастаўляльнік: 32,1 % – экспартуюць нашыя НПЗ і яшчэ 4% могуць прыпадаць на кампаніі-пасярэднікі.Салярку з-за мяжы Украіна набывае амаль у поўным аб’ёме (90 %). Траціну – у беларускіх Мазырскага НПЗ і Нафтану. Толькі на пару адсоткаў больш дызелю прадае ўкраінцам Расея.

Не толькі трактары і легкавікі, таксама танкі і БТРы заліваюць «дызель». Але не наш – цвердзіў Аляксандр Лукашэнка ў сярэдзіне студзеня:

«Там жа ўсё дызельнае паліва расейскае. І расяяне пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы гэтых паставак – бензінаў і дызельнага паліва – ва Украіну. Так як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расея? І хто запраўляе гэтыя танкі?»

Якім чынам нашая хата апынаецца з краю? Палітолаг Ігар Тышкевіч:

«Афіцыйныя пастаўкі ад Беларускай дзяржавы ідуць праз Беларускую нафтавую кампанію, якая прадае ўкраінскім кампаніям. І ўжо ўкраінскія кампаніі могуць прадаваць паліва Узброеным сілам. Беларусь Узброеным сілам не прадала. Яна прадала ўкраінскай фірме. Гэта прыкладна тое ж, што гандаль з так званымі «ДНР» і «ЛНР».

Гэта называецца продажам праз фірму-пракладку. Бываюць і краіны-пракладкі. «Нас пачынаюць у гэтым папракаць» – кажа Аляксандр Лукашэнка і тлумачыць, чаму праз Беларусь могуць ісці санкцыйныя тавары:

«Калі ідуць, то хто там пастаўляе? Па-першае гэта мізер, па-другое – гэта смыканне ўкраінскіх і расейскіх пастаўляльнікаў пры дапамозе мытных службаў і іншых органаў Расейскай Федэрацыі».

І гэтым выпадку, і ў пытанні, чыя «салярка» заводзіць рухавікі вайсковай тэхнікі ўкраінскага войска – кіраўнік Беларусі не можа нічога сцвярджаць – перакананая адна з расейскіх палітыкаў. Анна Чарапанава, дэпутатка Думы ў Вялікім Ноўгарадзе:

«Ёсць план мірнага ўрэгулявання і трэба яго прытрымлівацца. А танкі не вырашаюць пытанняў узаемаадносінаў Расеі і Украіны, Украіны з яе ўсходнімі вобласцямі».

Калі так, то ці варта так моцна змагацца за ўтрыманне сваіх «паліўных» пазіцыяў ва Украіне? Валер Каліноўскі, аглядальнік Радыё Свабода:

«На працягу апошняга года Расея павялічыла свае пастаўкі паліва ва Украіну, я не выключаю, што гэта было зроблена рукамі ўцекачоў-алігархаў, тыпу Курчанкі, якія ўцяклі ў Расею і адтуль працягваюць весці свой бізнес з Украінай».

Такім чынам у гульню з ужо напрацаванымі схемамі ўступаюць новыя, таму ехаць вайскоўцам – з дапамогаю Беларусі ці без – ёсць на чым.

Юлія Цяльпук, belsat.eu