«Там высокая вільготнасць, недахоп кіслароду, слабае харчаванне... іх калаціла». Як змагаюцца з ВІЧ за кратамі?


3 красавіка на прэсавай канферэнцыі ў Менску намеснік галоўнага доктара Гарадскога інфекцыйнага шпіталю Алег Скрыпко заявіў пра паляпшэнне ў Беларусі сітуацыі з выяўленнем і лекаваннем ВІЧ-інфекцыяў. Таксама ён распавёў пра бездакорную сістэму лекавання зняволеных у турмах – поўнае забеспячэнне медыкаментамі, выезды на месца спецыялістаў і кансультацыі. Наколькі мае рацыю прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя?

Адсотак ВІЧ-інфікаваных у Беларусі ніжэйшы, чым у суседніх краінах, паведаміў спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко. Усяго ў краіне зарэгістраваныя больш за 21 тысячу (21 161) хворых на СНІД, 16 тысячаў з іх – праходзяць лекаванне. Тысяча дзвесце асобаў з вірусам імунадэфіцыту атрымоўваюць медычную дапамогу ў месцах зняволення, распавёў Скрыпко:

«У гэтай сістэме вядзецца тлумачальная праца, тлумачым, чаму і для чаго, прапаноўваем лячэнне досыць настойліва. Установы пенітэнцыярнай сістэмы забяспечаныя лекамі сапраўды гэтак жа, як і грамадзянская ахова здароўя, закупляюцца лекі цэнтралізаванымі закупамі».

Сёння ў турмах змушаюць праходзіць тэсты на ВІЧ, прызначаюць тэрапію, выпісваюць лекі. «Спецыялісты кансультуюць, дапамагаюць вырашаць унутраныя праблемы», – кажа Скрыпко. Але ці ўсё так гладка? Ці сапраўды рэтравіруснае лекаванне ва ўмовах пенітэнцыярнай сістэмы выглядае так бездакорна? Што насамрэч адбываецца за калючым дротам, ведаюць зняволеныя або тыя, хто ўжо выйшаў з-за кратаў.

Мы паразмаўлялі з былым вязнем папраўчай калоніі № 5, які адбываў пакаранне з 2002 па 2017 год. Ён неаднаразова перабываў у турме разам з хворымі на ВІЧ. Былы вязень адзначае, што з гадамі сітуацыя і сапраўды змянялася. ВІЧ-інфікаваных пачалі сяліць са здаровымі, лекаваць, але агульныя ўмовы для іх засталіся тыя ж. Былы зняволены калоніі № 5 Станіслаў Цыбінскі:

«ВІЧ-інфікаваныя знаходзіліся ў нашым памяшканні, і праз тое, што там высокая вільготнасць, недахоп кіслароду, слабае харчаванне, яны пачыналі хварэць. Калі тэмпература падымалася ўвечары, то ні доктарак, ні фельчараў – нікога няма. Імунітэт зніжаны, у іх адразу пачынае зашкальваць тэмпература. Мокрыя, іх калаціла».

Нягледзячы на агульнае паляпшэнне сітуацыі, праблема палягае ў адсутнасці індывідуальнага падыходу – адзначае былы начальнік медычнай службы Дэпартаменту выканання пакаранняў. Распавядае кіраўнік «ТАЙМАКТ» Васіль Завадскі:

«Тут бываюць праблемы – з лекамі, з заменай лекаў або калі трэба схему лячэння мяняць, з кансультацыямі інфекцыяністаў, з тымі ж абследаваннямі. Мы ведаем прыклад, калі гады 2 таму ў СІЗА ў Жодзіне памёр чалавек, а ўжо пасля высветлілася, што ён ВІЧ-пазітыўны».

У папраўчых калоніях дагэтуль няма кваліфікаваных інфекцыяністаў. Не дапускаюць туды і незалежныя грамадскія арганізацыі. Тыя могуць фіксаваць дыскрымінацыю асуджаных толькі праз звароты сваякоў. Старшыня арганізацыі «Пазітыўны рук» Ірына Статкевіч расказвае:

«Яны фармулявалі так: няма лячэння, не даюць. Мы звязваліся з кіраўніцтвам установы, з прадстаўнікамі Дэпартаменту. І сапраўды разбіраліся. У адных сітуацыях была праблема са спектрам лекаў, таму што кожнаму чалавеку падбіраецца свая індывідуальная схема. Бо на волі чалавек прымаў адно лячэнне, затым патрапіў за краты, атрымаў іншае лячэнне».

У той жа час адзначаецца змяншэнне агульнай колькасці скаргаў у арганізацыю за апошні год. Часткова тое тлумачыцца тым, што лячэнне рэтравірусных хваробаў цяпер фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, а не з замежных крыніцаў.

У сваю чаргу леташняя справаздача Сусветнай арганізацыі здароўя менш суцяшальная: Беларусь застаецца ў тройцы еўрапейскіх лідараў паводле тэмпаў заражэння вірусам імунадэфіцыту – прапусціўшы наперад Расею ды Украіну.

Таццяна Уласенка, belsat.eu