«Там капейка, тут капейка». Бензін будзе даражаць надалей


Раздробныя цэны на аўтамабільнае паліва змяніліся – ізноў у вышэйшы бок. «Белнафтахім» абвесціў пра падаражэнне на адну капейку ўсіх відаў бензіну і дызельнага паліва. Паводле манапаліста, прычына – у росце сусветных коштаў на нафту. Але ж ці толькі праз гэта беларускія кіроўцы будуць плаціць больш? Разбіраўся Сцяпан Святлоў.

Быць кіроўцам у Беларусі стане яшчэ даражэй: кошты на ўсе віды аўтамабільнага паліва, у тым ліку дызельнае, ізноў павысіліся. Рубель і 63 капейкі цяпер давядзецца аддаць за літр АІ-92, на дзесяць капеек больш – за АІ-95 і дызель. Самы дарагі від паліва – АІ-98 – цяпер каштуе без пяці капеек два рублі.

Менскія кіроўцы кажуць:

«У маім бюджэце адчуваецца».

«Як я з дзіцём адна – разумееце: і машыну заправіць, і дзіця пракарміць. Так што ўсё адчуваецца ў нас».

«Паколькі я часта езджу машынаю, вядома, адчуваецца – там капейка, тут капейка».

Гэта ўжо 27-ае змяненне прэйскуранту сёлета. Прычына павышэння коштаў – у росце цаны на нафту, тлумачыць «Белнафтахім».

Hавiны
У Беларусі 27-ы раз за год падаражэе паліва
2019.12.21 18:21

«Сярэдняя каціроўка нафты за дзве дэкады снежня ўзрасла ў адносінах да лістапада з $ 63 да $ 66,6 за 1 барэль».

Што праўда, адзначаюць эканамісты, кошты на паліва ў Беларусі раслі і тады, калі сусветная цана на нафту зніжалася. І дадаюць яшчэ адну прычыну: нерэнтабельнасць беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць:

«Каб гандаль нафтаю прыносіў прыбытак, трэба павышаць цэны на тыя нафтапрадукты, якія вырабляюць нашыя прадпрыемствы. За мяжою, на знешнім рынку, павысіць гэтыя цэны вельмі цяжка, а ўнутры краіны неяк можна».

Павышэнне коштаў на паліва непазбежна ўплывае на рост іншых тавараў і паслуг: цэны на харчы, перавозкі, грамадскі транспарт ды іншае. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і жаданнем уладаў штучна павысіць прыбыткі насельніцтва цягам апошнім двух гадоў, кажа Леанід Злотнікаў.

«Больш як на 20 % павысіліся даходы насельніцтва, а эканоміка вырасла толькі на 2–2,5 %. То бок колькасць тавараў, якая да спажывання ствараецца, вырасла крыху, а прыбыткі насельніцтва выраслі значна».

Таму штучны рост прыбыткаў даводзіцца кампенсаваць ужо зусім рэальным ростам коштаў. У тым ліку – на паліва. Зрэшты, шмат хто з кіроўцаў да гэтага ўжо прызвычаіўся.

Менскія кіроўцы кажуць:

«У наш час ужо нічога не таннее, толькі ўсё даражэе».

«Проста павышаецца і павышаецца».

Паводле эканамістаў, такая тэндэнцыя будзе захоўвацца і надалей.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»