Адзін з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, а цяпер і патэнцыйны кандыдат на дэпутацтва па Старавіленскай акрузе № 41 у Менску Мікалай Казлоў вядомы жыхарам сталіцы не толькі словамі, але і справаю.
«Я ведаю гэтага чалавека з вельмі добрага боку. Ён будзе нас адстойваць».
«Ён вельмі нашаму раёну дапамог. У нас няма прыпынку ў раёну, няма ў нас крамаў».
«Самая бліжэйшая крама – кіламетр. Я вось з палкай – паспрабуй кіламетр прайдзі. І вось ён дапамог нам крыху – лавы паставілі, але аўтобус пакуль не пусцілі».
– кажуць мясцовыя жыхары.
Бясконцыя звароты ў мясцовую адміністрацыю не прыносілі плёну, пакуль за справу не ўзяўся кіраўнік менскай арганізацыі АГП.
Там подпісы за вылучэнне па Школьнай акрузе № 22 збірае сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Шабуня. Сваіх выбарцаў патэнцыйная кандыдатка вітала адмысловым ключом, які сімвалізуе абʼекты, што паўсталі ці хутка паўстануць дзякуючы намаганням БХД.
«Шмат гадоў мы ў Білева збіраем подпісы, каля 10-ці тысяч подпісаў мы сабралі, каб у Білева пабудавалі яшчэ адну школу хаця б, каб пабудавалі яшчэ дзіцячыя садкі. Вельмі тут патрэбная паліклініка – і жаночая кансультацыя, і дзіцячая паліклініка», – апісвае праблемы раёну спадарыня Шабуня.
Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін і актывіст з Бярозы Аляксандр Кабанаў самыя прызначылі сябе народнымі дэпутатамі. А з дапамогаю подпісаў грамадзянаў яны спадзяюцца трапіць на сходы мясцовых уладаў. На сход дэпутатаў, якіх, як высветлілася падчас апытання мінакоў, ніхто не ведае.
На сваім YouTube-канале блогер публікуе вострыя сацыяльныя рэпартажы пра карупцыю і міліцэйскае бязмежжа. І нават адседзеў арышт за ўдзел у пратэсце супраць дэкрэту № 3.
Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Stringer / Reuters / Forum