«Такога не ўбачыш звычайна». Чацверты фэст незалежнага кіно ў Менску

Не фільтраванае і без цэнзуры. Чацвёрты фестываль незалежнага кінамастацтва прайшоў у Менску. Анімацыя, дакументальныя, ігравыя фільмы, выставы і музычныя канцэрты – на працягу двух фестывальных дзён. А ўзнагароды ў выніку атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурснай часткі.

Кіно, як яно ёсць, ачышчанае ад лоску і штампаў, прасякнутае пошукам новых формаў выказвання, праект, у аснове якога палягае даследаванне візуальнай DIY-культуры – фестываль «Нефільтраванага кіно» адбыўся ў Менску на гэтых выходных.

Фестываль адбыўся чацвёрты раз

Ён міжнародны і бярэ свой пачатак ад «Cinema Perpetuum mobile», але з часам стаў самастойнаю адзінкай.

«Такое кіно ўбачыць, якога вы не ўбачыце звычайна, бо ў кіно паказваюць камерцыйныя стужкі, якія прыносяць прыбытак«, – звяртае ўвагу Аляксандр Мартынюк, старшыня аргкамітэту фестывалю.

Сёлетняя праграма. Што ў ёй?

Дакументальныя, анімацыйныя, эксперыментальныя фільмы, а таксама ўпершыню прэзентавалі беларускую праграму і секцыю віртуальнай рэальнасці. Фестывальныя паказы былі разбаўленыя майстар-класамі, выставамі ды прэзентацыямі. На закрыцці адбылося ўзнагароджанне найлепшых працаў.

Галоўнай ідэяй фестывалю лічыцца адмаўленне ад вонкавых фільтраў, цэнзуры ці кінематаграфічнай моды, а на першы план выцягваецца сам фільм без увагі на аўтара ці гледача. Менавіта такі падыход, паводле ўдзельнікаў, дапамагае пазбавіцца страху крытыкі, а, значыць, нараджае жаданне ўзяць удзел хай сабе для пачатку ў пазаконкурсавай праграме.

Марыя Арцыбашава, «Белсат», фота: vk.com/unfiltered.cinema

Глядзі таксама