Такіх настаўнікаў не існуе. У беларускамоўнай гімназіі фізкультура – па-расейску


Незадаволеных бацькоў і настаўнікаў дырэктар менскай гімназіі запалохвае міліцыяй і КДБ.

Ва ўсёй краіне сем’і сутыкаюцца з цяжкасцямі, а часам і адсутнасцю магчымасці вучыцца на роднай мове. Але праблемы паўстаюць і там, дзе мова навучання – беларуская. Бацькі, якія мэтанакіравана аддавалі дзяцей у 4-ю нацыянальную беларускамоўную гімназію, не задаволеныя станам мовы ў навучальнай установе: некаторыя прадметы тут выкладаюцца па-расейску.

Беларускамоўная. Але па-расейску

Бацькі вучняў адзінай беларускамоўнай навучальнай установы ў Фрунзенскім раёне Менску – гімназіі № 4 – наракаюць на навучанне ў яе сценах па-расейску.

«Як павук пускае ў сваю ахвяру свой страўнікавы сок, так і дзяржава пусціла ў беларускамоўную гімназію расейскую мову, і гэта мова раз’ядае ўсю школу, – кажа бацька вучня гімназіі №4 Гэнік Лойка. – Цяпер цяжка сказаць, што гэта гімназія беларускамоўная».

Каб абараніць мову, скульптар Гэнік Лойка куды толькі ні скардзіўся, але не дачакаўся ніякай рэакцыі, пасля падаў скаргу ў суд, але на хадайніцтва школы суд спыніў справу. Прычынай стала тое, што суд не можа абавязаць дырэктара звольніць настаўнікаў, нават калі яны моваю не валодаюць.

У маёй скарзе патрабавалася правесці лінгвістычную экспертызу на валоданне мовай, таму што калі ёсць закон дзяржаўны, дзе работнікі абавязаныя валодаць, то экспертыза павінна сказаць, валодаюць яны, ці не. А суд ужо скажа, абавязаны яны валодаць, ці не. А ўжо абавязаць дырэктара звольніць іх сапраўды суд можа і не мае такіх паўнамоцтваў, гэта ўжо зробіць РАНА, – кажа Лойка.

Гэнік Лойка падаў касацыйную скаргу, і ўсё ж чакае разгляду суда. Ягоныя патрабаванні на педагагічнай нарадзе падтрымала і настаўніца чэшскай мовы Алена Лазоўская. Яна пачала збор подпісаў за выкарыстанне ў навучальна-выхаваўчым працэсе выключна беларускай мовы, але на настаўніцу пачалі ціснуць.

«Дырэктар выклікаў мяне напэўна за тыдзень перад гэтым і сказаў, што калі вы не памяняеце свае паводзіны, то чэшскай мовы ў нашай гімназіі можа і не быць, – кажа Алена Лазоўская. – Падумаеш, што гэта адзіная на ўсю рэспубліку школа, дзе з першага класа вывучаецца чэшская мова, хоць і факультатыўна».

Дырэктар школы з сувязямі ў КДБ

Настаўніца кажа, што ў школе пануе вельмі напружаная атмасфера. Ні адзін з выкладчыкаў не падпісаўся, бо баяцца страціць працу, хоць на словах казалі, што падтрымліваюць ліст. Падпісваць баяліся і шмат якія бацькі. З-за пагрозаў, якія выказаў яшчэ на пачатку года новы дырэктар Андрэй Гоцман, на першым бацькоўскім сходзе.

Ён сказаў так: «Пойдзеце супраць мяне, можаце страціць самае галоўнае: у мяне ёсць сувязі ў КДБ, у мяне ёсць сувязі ў органах апекі, і калі да вас у адзін дзень прыйдуць органы апекі з міліцыянерамі і забяруць вашых дзяцей, то вы што будзеце рабіць? Не ідзіце супраць мяне», – узгадвае Алена Лазоўская.

Але некаторыя сем’і паставілі свае подпісы. Бо жадаюць, каб іх дзеці ўсё ж змаглі атрымаць адукацыю на роднай мове.

Я не баюся, я лічу, што гэта ўсё беспадстаўна, гэта запалохванне, гэта, можна сказаць і вынішчэнне беларускай мовы, – кажа маці вучня Таццяна Усіновіч. – Калі такімі рычагамі спрабуюць закрыць раты бацькоў, каб яны не дабіваліся свайго права навучання дзяцей па-беларуску.

У школе ж тлумачаць, што не могуць набраць беларускамоўных настаўнікаў фізкультуры, бо такіх папросту не існуе, узнікаюць цяжкасці з тэрміналогіяй і метадычнымі матэрыяламі. Але тады паўстае пытанне да Міністэрства адукацыі ды педагагічных установаў – чым яны занятыя, што не могуць падрыхтаваць спецыялістаў, якія валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Вольга Чайчыц