Тадэвуш Кандрусевіч: Трэба, каб сэрцы нашыя сталіся Бэтлеемам


Раство – гэта час узгадаць пра міласэрнасць, жыць паводле сумлення ды дзяліцца і хлебам, і любоўю. Такія словы прагучалі падчас казання ў Калядную ноч на святочным набажэнстве ў касцёле Святой Тройцы ў Высокім, што на беларуска-польскім памежжы.

«Мая сям’я гэта парафія, і я з усімі парафіянамі пераломваю гэтую аплатку, дзялюся гэтым свячоным хлебам», – сказаў ксёндз касцёлу Святой Тройцы ў Высокім Андрэй Бародзіч.

Высокае ў Берасцейскай вобласці – самы заходні пункт Беларусі. І семʼі тут перамяшаныя, польска-беларускія. Але радасць адна – дзень нараджэння Ісуса, паводле Бібліі – Бога ў чалавечым увасабленні, Збаўцы ўсіх людзей.

«Дай Бог усім шчасця. Дабрабыту».

«Ісус Хрыстос прыйшоў нам дапамагчы на гэтай зямлі. Каб мы не грашылі, і каб не было непаразуменняў. Каб не было войнаў, каб жылі ў міры», – кажуць наведнікі імшы ў Высокім.

Пра мір і спакой людзям добрай волі маліліся і вернікі Архікатэдры Панны Марыі ў Менску, галоўнага касцёлу Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Сёння да нас явіўся збаўца Езус Хрыстас, які нясе нам радасць збаўлення, а таксама супакой у гэты неспакойны свет у гэты неспакойны час».

«Часам мы трапляем у сітуацыі, калі цемра ахоплівае, мы падаем, але Езус сваім прыйсцем дапамагае нам падняцца і ісці па жыцці з надзеяй і радасцю», – наведнікі імшы ў Менску.

Святочную імшу па-беларуску тут правёў апостальскі нунцый Габар Пінтэр, дыпламатычны прадстаўнік Ватыкану і Папы Рымскага. Арцыбіскуп Пінтэр упершыню сустрэў Раство ў Беларусі. Ён толькі вучыць беларускую мову, і не хавае радасці.

«Прыгожае свята, я магу паглядзець на гэтыя традыцыі. Аплатка для мяне – татальна новая рэч», – сказаў Габар Пінтэр.

Віншаванні ўсім беларусам, якія цяпер святкуюць Каляды, дасылаюць і амбасадары суседніх краінаў.

«Жадаю гледачам «Белсату» спакойнага Божага нараджэння і шчаслівага Новага году», – сказаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч з дапамогаю «Белсату» віншуе з Божым нараджэннем усіх хрысціянаў: і тых, хто святкуе цяпер, і тых, хто толькі рыхтуецца святкаваць паводле юліянскага календара.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў гэты дзень недастаткова мець удома ялінку, святочны стол і падарункі блізкім. А трэба, каб сэрцы нашыя сталіся Бэтлеемам.

«Марыя з Юзэфам не знайшлі месца ў заездзе, дзе магло б нарадзіцца гэтае дзіця, гэтае немаўлятка Езус. Але гэтая сітуацыя паўтараецца і сёння. Калі б сёння па вуліцах нашых гарадоў і вёсак ішла цяжарная Марыя з Юзэфам і грукала ў дзверы людзей, ці ўсе адчынілі б?», – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Мір на зямлі, мір у кожным сэрцы, у кожнай сямʼі, і ў кожнай галіне нашага жыцця – у гэтым сэнс Божага нараджэння.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»