Сыты пенсіянер – гэта дорага. Лукашэнка выконвае абяцанне


«Прыйдзецца паніжаць пенсіі, бо грошай не стае для таго, каб раздаць пенсіянерам», – аргументаваў Аляксандр Лукашэнка летась на карысць павелічэння пенсійнага ўзросту. Пенсійны ўзрост, у выніку, павялічылі. Але пенсіі ўсё роўна зніжаюцца.

Пенсіянеры сталі жыць горш

У ліпені рэальныя пенсіі, то бок – з улікам інфляцыі, зменшыліся, у параўнанні з траўнем на 0,7 %. А за 12 месяцаў, нягледзячы на перыядычную індэксацыю, праселі на 1 %. Адначасова беларусы пераходзяць на ўсё больш танныя прадукты. Паводле Белстату, спажыванне масла і мясных кансерваў упала на 8 %, садавіны і сокаў – на 16 %. Затое павялічылася спажыванне макаронаў і крупаў.

Улады сцвярджаюць, што прычына – у дэмаграфіі

Маўляў, нараджаецца беларусаў усё менш, а жывуць даўжэй. Але незалежныя прафсаюзы гэта аспрэчваюць. На іхную думку, асноўная прычына – у росце беспрацоўя і зніжэнні заробкаў, у выніку чаго скарачаюцца паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Летась Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва спрацаваў з дэфіцытам, які давялося пакрываць з бюджэту. Сёлета, паводле міністра працы Ірыны Касцевіч, фонд зноў патрабуе субвенцыяў з рэспубліканскага бюджэту.

Апытаныя намі адмыслоўцы прапаноўваюць розныя спосабы павелічэння эфектыўнасці пенсійнай сістэмы Беларусі – ад ураўноўвання пенсійнага ўзросту мужчын і жанчын да пераходу з размеркавальнай пенсійнай сістэмы на назапашвальную. Але агулам яны сыходзяцца на тым, што стабілізаваць пенсійную сістэму можна толькі пры ўмове рэформаў усёй эканомікі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum