Аб'ектыў 03.02.2018 Сышла эпоха. Якім застанецца ў гісторыі Барыс Кіт?


107 гадоў жыцця і плённай працы для чалавецтва, Космасу і Беларусі. Свет запамятае Барыса Кіта тым, што ён зрабіў магчымым палёт чалавека на Месяц, а для нас, беларусаў, Барыс Кіт застанецца адным з славутых суайчыннікаў.

«Мы ўсё рабілі для беларускай справы справы. Сядзелі па турмах, мы закладалі Беларусь».

Менавіта беларускае школьніцтва на пачатку 20-га стагоддзя сталася калыскаю нацыі. Барыс Кіт быў выкладчыкам і дырэктарам беларукіх школаў у Вільні, Наваградку, Маладзечне, Паставах.

«Зрабіўся дырэктарам нават і разгарнуў усё гэта. У мяне было сто настаўнікаў, тысяча вучняў, дзесяць інтэрнатаў. Нашая моладзь беларуская хлынула вучыцца».

З болем Барыс Кіт узгадаваў, як бальшыню ягоных вучняў толькі за тое, што вучыліся ў беларускіх школах, выслалі ў Сібір. Спадар Кіт у час акупацыі трапіў у рукі Гестапа, ад смерці ўратавалі ягоныя ж вучні. Ужо ў эміграцыі спадар Кіт праславіўся як навуковец, ні на хвіліну не забываўся пра Беларусь.

Але ці ведаюць пра яго беларусы?

«У Канадзе ці дзесьці там, Кіт, чуў прозвішча,але чым ён займаецца я не ў курсе».

«Самы стары беларус. Ён быў адзін самым знакамітым беларускім навукоўцам, які займаўся ракетабудаваннем».

«Працаваў у НАСА і распрацаваў паліва для ракеты Апалон»

«Навіну чуў у інтэрнэце, што гэта атрымліваецца самы стары беларус».

Барыс Кіт ставіў перад сабою вялікія мэты і дасягаў іх, не здолеў жа зрабіць толькі аднаго – адкрыць нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі. Ён верыў, што Беларусь адродзіцца дзякуючы мове, знайшоў фінансаванне, але 1994-ты год змяніў планы: новым уладам аказалася не патрэбная ні беларуская мова, ні беларуская школа, як аказаўся не патрэбны і Барыс Кіт.

«Не паказваюць прыклад, што дзяржава беларуская павінна быць беларускай. Як жа яны будуць усхваляць Кіта, за што? За тое што ён не такі як яны? Пачуццё «сораму павінны адчуваць», – кажа Станіслаў Шушкевіч.

Самы стары беларус апошнія гады жыў у Нямеччыне, дзе ў 80 гадоў абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 90 стаўся прафесарам. Заўсёды прымаў у сябе беларусаў, апошнія з візітам у яго былІ беларусы з Вільні, менш як 10 дзён таму.

«Сустрэча атрымалася, вельмі добра прыняў нас. Мы размаўлялі, фатаграфаваліся. Але ён быў слабы, таму што за некалькі дзён да гэтага ўпаў з крэсла, пашкодзіў руку, крыху галаву. Яго звезлі гэтага дому ў шпіталь, але агледзелі і адправілі назад. Развітваліся з надзеяй, што мы зноў сустрэнемся», – распавядае Павел Саўчанка, сябар Барыса Кіта.

Імя Барыса Кіта заклалі ў «капсулу часу» і замуравалі ў сцяну амерыканскага Капітолію. У Беларусі пра свайго славутага сына ўзгадаюць заўтра малітваю ў Наваградку і Менску.

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары