Сёння свята «у нескладовага» і апострафа!


Міжнародны дзень роднай мовы беларуская адзначае ў Беларусі, а расейская – у Расеі. Як і мае быць. Як святкуе дзяржава, грамадства і кожны з нас ды якія перспектывы мае родная мова?

Паштоўка для блізкай асобы на блізкай сэрцу мове… Белпошта ў Дзень мовы запрашала падпісаць паштоўку з выявамі айчынных краявідаў. Алена Мілеўская, супрацоўніца пошты, кажа:

«Вы можаце падпісаць паштоўкі на роднай мове і адправіць сваім родным і блізкім, а Белпошта бясплатна даставіць гэтыя паштоўкі».

Напярэдадні Дня мовы ў «Купалаўскім» пацешыў вока старт новага сезону праекту «Беларускіх уікэндаў» на вечарыне ў стылі «Чорна-белае кіно»! Ахвочыя спрабавалі сябе ў ролі дублёраў. Андрэй Кім, кіраўнік праекту «Беларускія уікэнды»:

«Аўдыторыя расце і аднаўляецца. Калі ў 2017 годзе мы разам з нашым партнёрам – кампаніяй Velkom фіксавалі больш за 20 000 наведнікаў, то на працягу 2018 года гэтая лічба вырасла на 50 %».

Мара – каб па-беларуску гучаў увесь айчынны кінапракат. А пачынаць варта з дробных акцыяў… як тая, што зладзілі сёння ў Магілёве. Трэба было перакласці беларускае слова на расейскую і атрымаць за гэта цукерку! Жыхары гораду хваліліся сваймі моўнымі ведамі ў постаці вершаў.

Падчас перапісу насельніцтва 10 гадовай даўніны – 53 % грамадзянаў назвалі роднаю беларускую мову. Геаграфія яе ўжывання пашырылася. Алег Трусаў, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы:

«Гэта ініцыятыва не ўладаў, а ініцыятыва нашых грамадзянаў. Узгадаем нават такія курсы, як «Мова нанова», шыльды па-беларуску, прасоўванне па-беларуску тавараў бізнесоўцамі. Народ павярнуўся тварам да беларускай мовы, культуры і ўлада мусіць з гэтым лічыцца».

Але ці лічыцца? Да прыкладу, у сістэме адукацыі: беларускамоўныя школы – толькі ў сталіцы – толькі 7 з 277. У вобласцях – толькі беларускія класы, дзе навучаюцца 5-20 асобаў. Сярод 118 райцэнтраў – толькі ў 2 такія класы! Напярэдадні Міжнароднага Дня роднай мовы праваабаронца Алег Мацкевіч звяртаўся да Барысаўскіх уладаў з просьбаю направіць гэты і іншыя перакосы:

– стварыць беларускамоўныя групы навучання,

– выкарыстоўваць мову ў арганізацыях,

– візуалізаваць мову ў грамадскай прасторы,

– арганізаваць годнае святкаванне «Дня мовы».

Праваабаронца Алег Мацкевіч каментуе:

«Яны адпісалі, што расейская і беларуская мовы з’яўляюцца дзвюма дзяржаўнымі мовамі, і імі маюць права раўназначна карыстацца. І таксама напісалі пра тое што візуалізацыя беларускай мовы адбудзецца пры планаванні архітэктурнай дзейнасці на Барысаўшчыне».

Месцамі перакладаюцца на мову назвы тавараў, па-беларуску гучыць рэклама, гавораць вакзалы і аўтобусы. Пра павольную беларусізацыю загаварылі напярэдадні 20-годдзя Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расеі, бо акурат цяпер Крэмль прагне выканання інтэграцыйнай праграмы, якая аніяк не спрыяе беларускасці. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Шмат выпрабаванняў выпала на долю нашай роднай зямлі».

Аляксандр Лукашэнка раптам згадаў, што мова – аснова нацыянальнай ідэнтычнасці. Масква – нібы не супраць, але хвалюецца пра дэрусіфікацыю. Амбасадар Расеі ў Беларусі, Міхаіл Бабіч:

«І права і абавязак любой дзяржавы. Але безумоўна гэта не павінна адбывацца за кошт ушчамлення правоў расейскай мовы, ушчамлення нашай сумеснай культуры, сумесных фактаў гісторыі, фальсіфікавання гісторыі».

Расейскай мове пакуль няма чаго асцерагацца.

«Чаще всего говорим по-русски», – хором говорят школьники.

«Мне очень нравится беларуская» – по-расейску нахвальвае мову магіляўчанка.

«Выкарыстоўваю, але не ўсе мяне разумеюць, і тады просяць казаць на рускай», – скардзіцца беларускамоўная жыхарка гораду.

Калі просяць – то кажыце. А мы папросім (за цукерку) – спрабуйце вучыць родную мову!

Юлія Цяльпук, belsat.eu