«Сёння – «Хартыя» і «Беларускі партызан», а заўтра гэта можа быць затычка ў роце кожнага з нас»


Выкарыстаць агітацыйны пікет, каб чарговы раз нагадаць грамадзянам аб праблемах свабоды слова ў краіне. Гэтак вырашыў кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Казлоў ды адправіўся на вуліцы Менску. Адною з нагодаў пікету стала блакаванне сайту «Хартыя’97».

Магчымасцяў выказаць сваю пазіцыю свабодна, гучна і, галоўнае, публічна ў Беларусі няшмат. Адная з такіх – агітацыйны пікет кандыдата на дэпутацтва. Скарыстацца сваім статусам вырашыў намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Каля Камароўскага рынку ён правёў агітацыйны пікет дзеля прыцягнення ўвагі людзей да ціску дзяржавы на незалежныя медыі.

«Спрабуем адстойваць сваё права на доступ да інфармацыі, права на свабоду слова. Тэму для гэтага пікету прыдумала ўлада, калі заблакавала сайт charter97.org. Да яго можна па-рознаму ставіцца, але я лічу, што права доступу да гэтай інфармацыі, чытаць розныя сайты з рознымі меркаваннямі – гэта нашае канстытуцыйнае права», – кажа кандыдат ад АГП, Мікалай Казлоў.

А таму і пра ціск на не залежныя ад дзяржавы медыі, і пра абмежаванне свабоды слова ў нашай краіне варта казаць гучна. Такую пазіцыю падзяляе і старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Ён лічыць, што ў людзей павінна быць права выбару – глядзець БТ ці чытаць тую ж «Хартыю».

«Таму Мікола Казлоў ініцыяваў гэты пікет у рамках сваёй выбарчай кампаніі, ён і яго каманда выказваюць салідарнасць і з «Белсатам», і з «Хартыяй» і з «Беларускім Партызанам», і з тымі, да каго гэтая праблема можа пагрукацца заўтра ў дзверы. Бо сёння – «Хартыя» і «Беларускі партызан», а заўтра гэта можа быць затычка ў роце кожнага з нас», – мяркуе старшыня АГП.

Сайт «Хартыя-97» заблакавалі без папярэджання ў вечар серады. Толькі на наступны дзень зʼявіліся тлумачэнні Міністэрства інфармацыі, якія не ўтрымлівалі ані канкрэтных артыкулаў, ані дакладных прычынаў блакавання старонкі.

«На інфармацыйным рэсурсе публікаваліся матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, на рэсурсе размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазволу на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрымана не было», – гаворыцца ў паведамленні Мінінфарму.

Большасць апытаных намі мінакоў не падтрымліваюць рашэнне Міністэрства інфармацыі.

«Такое ўражанне, што сталінскія часы наступаюць. Скажаш што-небудзь – адразу пасадзяць», – кажа жыхар сталіцы.

Выказваюцца ў абарону незалежных рэсурсаў не толькі простыя грамадзяне, але і публічныя асобы. У той час як старшыня БТ Генадзь Давыдзька параўноўваў Хартыю з «іншаземцам, які гадзіць на дыван». Зачынілі фортку, з якой бруднае паветра ішло ў наш дом, супраць блакавання сайту выказаўся ў сваім Фэйсбуку адзін з самых буйных IT-бізнэсоўцаў краіны Віктар Пракапеня. На ягоную думку, блакаванне падобных медыяў да нічога добрага не прыводзіць, а толькі ўскладняе міжнародныя стасункі.

Між тым міжнародная супольнасць таксама не абмінула тэму блакавання Хартыі. Дзеянні беларускіх уладаў асудзілі шматлікія сусветныя медыі, вядомыя журналісты і актывісты. Супраць блакавання выступілі і ў МЗС суседняй Літвы.

Сцяпан Святлоў, «Белсат».