Сёння дзень супраць гвалту


Крысціна Цыбульская сышла з бацькоўскага дому пасля чарговага выпадку гвалту, сведкай якога яна была з дзяцінства. Айчым збіваў маці.

А потым дзяўчына і сама стала ахвярай: яе, цяжарную, збіваў муж.

«Ён мяне проста бярэ і галавой аб ложак. Ужо жывот пачаў расці. Дала яму шанец, усё, памірыліся», – расказвае Крысціна.

Але муж працягваў збіваць. Выратаванне Крысціна знайшла ў прыстанку грамадскага аб’яднання «Радзіслава», дзе надаюць дапамогу пацярпелым ад хатняга ґвалту.

Менавіта там дзяўчына ўпершыню адчула сябе ў бяспецы:«Дзяржава на дадзены момант мне нічым не дапамагла».

«Радзіслава» – недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, у прыстанку якой адначасова могуць заставацца 30 чалавек.

«Ёсць дзяржаўныя шэлтары, але трапіць у гэты шэлтар складана. Трапіць можна, калі будзе доказ, што быў выклік міліцыі, што жанчына пацярпела. Там збіраецца адпаведная камісія. І там тэрмін знаходжання жанчыны абмежаваны. Я не памятаю, колькі, але ў нас можна жыць даўжэй», – расказвае сацыяльная работніца «Радзіславы» Ганна Старавойтава.

Рэальная колькасць беларусак, пацярпелых ад хатняга ґвалту, невядомая, бо жанчыны часта маўчаць пра недапушчальнае абыходжанне. Афіцыйная ж статыстыка кажа, штодня ў міліцыю паступае каля трохсот паведамленняў пра выпадкі хатняга ґвалту ў адносінах жанчын і дзяцей. Кожная другая з пацярпелых жанчын цярпіць ад мужа, кожная пятая – ад сваіх дзяцей. Сярод агрэсараў таксама сексуальныя партнёры і былыя сужэнцы. Для такіх жанчын ужо 8 гадоў працуе Агульнанацыянальная гарачая лінія (нумар 8-801-100-8-801).

«За гэты час на лінію патэлефанавалі 15 тысяч чалавек. У пераважнай большасці – гэта жанчыны, 94 %. Жанчыны ва ўзросце 27–40 гадоў, палова пражывае ў Менску або Менскай вобласці», – дзеліцца кіраўніца гарачай лініі Ганна Коршун.

Паводле эксперткі, стаўленне грамадства да хатняга ґвалту змянілася. Раней жанчына нават удар, які пакідаў гематомы, часта не ўспрымала як ґвалт.

«Пасля 8 гадоў працы мы разумеем, што жанчыны, якія звяртаюцца на лінію, яны кажуць, ідэнтыфікуюць сябе як пацярпелыя. Яны кажуць, што падвяргаюцца фізічнаму гвалту, яны валодаюць больш высокім узроўнем псіхалагічнай культуры», – кажа Ганна Коршун.

Пасля працы з псіхолагам больш не дапусціць у сваім жыцці выпадкаў ґвалту мае намер і Крысціна:

«Ледзь што – ёсць званок у міліцыю. Міліцыя ў нас хутка рэагуе. Ледзь што – суседзі на дапамогу. Дзверы ў нас падвойныя, дзякуй Богу».

Але Закон аб перадухіленні хатняга ґвалту ў Беларусі не прыняты дагэтуль. І нават зварот у міліцыю не абяцае абароны, а часцей за ўсё заканчваецца для гвалтаўніка проста штрафам.

Алена Дубовік, Белсат