«І колькі яўка? – За чатыры дні 497».
Гэтак незалежныя назіральнікі ўчасткаў, размешчаных у 59 менскай школе, параўноўваюць афіцыйную статыстыку і свае падлікі. Афіцыйныя звесткі яны атрымалі ўпершыню за 5 дзён галасавання ад даверанай асобы кандыдата на прэзідэнцтва, якая сёння наведвае «нядобранадзейныя» участкі і правярае пратаколы яўкі.
«Лічбы, якія паказваюць, што прагаласавалі за ўчорашні дзень 149 чалавек. І, бачачы пустыя ўчасткі…Узнікае заканамернае пытанне», – кажа Алена Напорка, давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, за першыя чатыры дні датэрмінова прагаласавалі 32,24 % выбарнікаў. Вынікі апошняга дня з высокаю верагоднасцю прынясуць рэкорд у колькасці тых, хто датэрмінова прагаласаваў за некалькі апошніх кампаніяў:
Незалежныя назіральнікі, якія штодня падлічваюць колькасць людзей, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, з такімі звесткамі не згодныя.
«У першы дзень, у аўторак, афіцыйныя звесткі адрозніваліся ад нашых у паўтара разу. У другі дзень – амаль што ў два, у трэці – у 3,7, амаль што ў чатыры разы. А ў пятніцу звесткі амаль супалі з нашымі», – кажа незалежная назіральніца Наста.
Паводле ініцыятывы «Сумленныя людзі», толькі на 174 участках з 721 яўка паводле звестак камісіі ды назіральнікаў цалкам сышлася.
«Яўка завышаная, складана сказаць, у колькі разоў. Можа быць, у паўтара разу, у два разы – не. Разыходжанне 50, 100, 200 чалавек. Мы кожны дзень лічым, вось гэта відавочна», – распавядае незалежная назіральніца Аксана Ткачук.
Агульная колькасць выбарнікаў, залучаных у спісы, складае больш за шэсць мільёнаў восемсот трыццаць тысячаў чалавек. Калі верыць афіцыйным звесткам, прагаласавалі ўжо больш за два мільёны дзвесце тысяч выбарнікаў. Сёння ж пракуратура запрапанавала заблакаваць платформу для альтэрнатыўнага падліку галасоў «Голас». Санкцыі закранулі і незалежных назіральнікаў. Іх не толькі не дапускаюць на ўчасткі, але і затрымліваюць. На тэрыторыі 59 школы кожны дзень не менш за 15 назіральнікаў. Побач з імі з сённяшняга дня – амапаўцы. Адну з назіральніц затрымалі. Часцей затрыманні адбываюцца па заявах сябраў камісій.
«На сёння ў нас есць дадзеныя, што затрыманыя 70 назіральнікаў. Толькі сёння – 28. Мы дакладна не ведаем, па якіх артыкулах яны затрыманыя, але тыя звесткі, якія ў нас есць, – гэта 17.1, «Дробнае хуліганства». І артыкул 23.4.», – кажа Аляксандр Хоміч з ініцыятывы «Сумленныя людзі».
Пазбавіліся акрэдытацыі з розных прычынаў падчас датэрміновага галасавання больш як сто дзесяць назіральнікаў.
Алена Дубовік, «Белсат»