Аб'ектыў 29.01.2019 Сястра мужчыны, загінулага ў міліцэйскай машыне, будзе змагацца за праўду


Мінаюць два месяцы з дня смерці жыхара Нясвіжскага раёну Сяргея Абрамовіча, які, паводле афіцыйнай версіі, павесіўся на шнурку ў міліцэйскім аўтамабілі. Участковы Яўген Додзь, які праводзіў затрыманне, атрымаў новую зорачку на пагоны, хоць Следчы камітэт яшчэ не скончыў праверкі. А сястра загінулага падазрае, што Сяргей Абрамовіч памёр зусім не ад шнурка. Зашмат у гэтай справе падазроных момантаў.

«Падпісаў яе дарагой сястрычцы Іначцы ў дзень народзінаў з найлепшымі зычэннямі Сяргей. То бок усё, што засталося», – плача Іна Русак. У руках кабеты – карціна, намаляваная ейным братам Сяргеем Абрамовічам. Роўна два месяцы таму пасля сваркі з бацькам брата затрымала міліцыя. Але да пастарунку яго жывым не давезлі. Афіцыйная версія – мужчына павесіўся ў міліцэйскай машыне на 46-сантыметровым шнурку ад свайго бота. Разам з тым медычная экспертыза выявіла ва ўнутраных органах рэшткі жоўці.

«Яна не можа трапляць у органы сама па сабе. Калі быў нейкі ўдар, то тады так», – кажа Іна Русак.

Выдаць сястры копію экспертызы адмовіліся. Гэтаксама адмаўляюцца ў міліцыі і цалкам паказаць відэа з рэгістратара, што быў у аўтамабілі. Спадарыні Іне дазволілі паглядзець толькі фрагменты запісу. Але моманту смерці на іх няма, і пытанняў пасля прагляду ўзнікла яшчэ больш.

«Мяне яшчэ непакоіць тое, што выезд з Затур’і, дзе яны правяралі гэтага паднагляднага, быў а 17:05, а час смерці стаіць 18:31. То бок да месца смерці, да Пагулянкі, там літаральна хвілінаў 20. Гэта калі ехаць не спяшаючыся».

Спадарыня Іна задаецца пытаннямі: чаму ейнага брата везлі ў пастарунак больш за гадзіну і што з ім адбывалася ў гэты час?

Адказаў міліцыя не дае. Затое ў студзені міліцыянты Нясвіжскага раёну атрымалі шэраг узнагародаў і павышэнняў, цытата, за бездакорную службу. У тым ліку павысілі да старэйшага лейтэнанта і Яўгена Додзя, які затрымліваў Сяргея Абрамовіча.

«У нас службовае правяранне ў гэтай справе завершанае. Ніякіх прэтэнзіяў з гэтай прычыны ў нас да супрацоўніка Додзя не ўзнікла. Чарговае спецыяльнае званне яму прысвоілі ў сувязі з тэрмінам па выслузе. Таму я тут не бачу ніякай праблемы», – каментуе справу Яўген Сачак з прэс-службы УУС Менаблвыканкаму.

Следчы камітэт сваё правяранне працягнуў яшчэ на 15 дзён. Следства ўсё ж схіляецца да таго, што міліцыянты дапусцілі нядбаласць. У Нясвіжы шмат хто прызнае асаблівае становішча праваахоўнікаў:

«Я ў гэта не веру, што ўзнагародзілі. Такога не можа быць. Гэта нейкая байка!»

«Я не магу вам аб’ектыўна адказаць на гэтае пытанне, бо з падрабязнасцямі не знаёмы».

«Яго павысілі да заканчэння разбору? Увогуле такога не павінна быць».

«Міліцыя, самыя разумееце. У нас той мае рацыю, у каго больш правоў».

«А што нам застаецца? Міліцыя – гэта тыя людзі, якія нас сцерагуць. І нас, і нашых дзяцей».

Мы спрабавалі атрымаць каментар і ад ужо старэйшага лейтэнанта Яўгена Додзя, і патэлефанавалі на ягоны службовы тэлефон, пададзены на афіцыйным сайце.

– Додзеў тэлефон зусім іншы.

– А які? Падкажыце, калі ласка.

– Ён цяпер жэніцца і ў адпачынку, – адказаў нам спадар, які прадставіўся Васілём Рыгоравічам.

На думку праваабаронцаў, міліцыянты ў любым выпадку павінныя былі не ісці на павышэнне, а як мінімум быць часова адхіленымі ад службы.

«Адказнасць у любым выпадку мела б наступіць, бо мы бачым смерць чалавека ў месцы, дзе ён мае быць абсалютна абаронены», – зазначае Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа».

Іна Русак збіраецца змагацца да канца. Кажа, калі да 15-га лютага Следчы камітэт не распачне крымінальнае справы, будзе звяртацца з лістом да Аляксандра Лукашэнкі.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары