Сярод лаўрэатаў прэміі «Вольнае слова» журналісты «Белсату»


Затрыманні, суды, штрафы ды запалохванні. Ва ўмовах жорсткага ціску ў Беларусі працуюць незалежныя журналісты. Сёння Беларуская Асацыяцыя журналістаў ацаніла іхную працу. У Менску падвялі вынікі конкурсу «Вольнае слова».

26 намінантаў у 5 намінацыях – Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі конкурсу «Вольнае слова». Сёлета сярод намінантаў большасць прадстаўляюць праект «Імена», партал «Тут.бай» і «Белсат».

Усяго на конкурс паступіла больш за 200 працаў ад 76 журналістаў – канкурэнцыя была сапраўды вялікай. Спектр тэмаў конкурсных матэрыялаў – ад паставак беларускай зброі ў Сірыю да супрацьзаконнага забойства сабак дзяржаўнымі службамі ў Лунінцы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў пераважна аб’ядноўвае журналістаў з недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, – кажа старшыня журы«Вольнага слова» Юрась Карманаў, – якія дэманструюць сусветныя стандарты журналістыкі. Дзяржаўныя СМІ працягваюць савецкую традыцыю, калі яны фінансуюцца дзяржавай і, адпаведна, выконваюць замову дзяржавы і не хаваюць сваёй гэтай функцыі.

У намінацыі «інфармацыйныя жанры» перамог карэспандэнт TUT.BY Вадзім Заміроўскі, а прыз за лепшы тэкст у жанры аналітыкі атрымала Адар’я Гуштын за тэкст на партале Naviny.by. Знакавая рэч – усе тры ўзнагароды ў намінацыі «мастацкая журналістыка» атрымалі ўдзельнікі платформы «Імена». Вострасацыяльная тэматыка – гэта тое, што кранае людзей і прымушае іх дзейнічаць.

Мы кажам людзям – так, ёсць праблема. Так, яна нас злуе, яна ўсіх нас абурае. Але ў нас ёсць магчымасць тут і зараз змяніць сітуацыю. Хай гэта не ў вялікім маштабным аб’ёме. Канешне, не атрымаюць усе адразу дапамогу. Але мы павінны з чагось пачынаць, – распавяла Кацярына Кісялёва з платвормы «Імена».

Варта адзначыць, што сёлета ў намінацыі «дэбют» перамог прадстаўнік рэгіянальнага СМІ – Максім Гарда з «Медыя-Палесся». А прэмія за лепшае расследаванне дасталася Арцёму Гарбацэвічу з NN.by. Другое ж і трэцяе месца ў гэтай намінацыі занялі журналісты «Белсату» Станіслаў Івашкевіч і Кацярына Андрэева.

Кошт вольнага слова для журналістаў «Белсату» падлічваецца канкрэтнымі лічбамі, – адзначае Аляксей Мінчонак, прадстаўнік Белсату ў Беларусі. – Ад пачатку году ўжо амаль на 30 тысячаў долараў атрымалі штрафаў нашы журналісты за парушэнне артыкула 22.9 адміністрацыйнага кодэксу – нелегальны выраб прадукцыі СМІ. Ціск працягваецца і працягваецца, дынамікі спынення не бачна, і гэта вельмі трывожна для нас.

Сімвалічна, што мерапрыемства прайшло напярэдадні 8 верасня – Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў. І хоць стандарты працы незалежных медыяў год ад году растуць, умовы для іх лепш яўна не робяцца.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»