Сяргей Ціханоўскі: спадзяюся, што ўсё гэта не дарэмна


15 содняў арышту ў адміністратыўнай справе за непадпарадкаванне міліцыянтам 29 траўня ў Горадні. Працэс над палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім у судзе Ленінскага раёну Горадні адбыўся праз відэасувязь.

Перад судовым паседжаннем Ціханоўскі змог паразмаўляць з прысутнымі на працэсе і, між іншага, падкрэсліў, што грошы, знойдзеныя падчас ператрусу, яму падкінулі:

«Гэта яшчэ было вядома ў Горадні, ён заявіў : «у іх там грошы нейкія». Гэта сам Лукашэнка сказаў, а пасля іх падкінулі».

Ціханоўскі выглядае настолькі схуднелым, што ў сацсетках узнялося пытанне, ці ён гэта ўвогуле. Святлана Ціханоўская мужа пазнала. Блогер, супраць якога распачалі крымінальную справу адразу паводле трох артыкулаў, застаецца ў следчым ізалятары ў Менску як абвінавачаны ў арганізацыі незаконнай масавай акцыі.

Да гэтай жа крымінальнай справы следства спрабуе далучыць і палітвязня Міколу Статкевіча, які ўчора ненадоўга змог пабачыцца з адвакатам. Са словаў ягонага абаронцы, палітыка падазраюць у папярэдняй змове з іншымі арганізатарамі незаконнага масавага мерапрыемства, якім следства палічыла збор подпісаў.

А ў судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыліся яшчэ тры суды за ланцугі салідарнасці. Валанцёра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксея Саламаненку аштрафавалі на 1350 рублёў.

«Я не лічу, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні, а ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі. Як у Выбарчым кодэксе ўказана, збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую быў легальны», – лічыць аштрафаваны Аляксей Саламаненка.

Штрафамі каля тысячы рублёў кожнага пакаралі актывістаў Таццяну Севярынец і Алега Паўлава. Пры гэтым Таццяна Севярынец адзначае, што ў акцыі яна нават не ўдзельнічала:

«Мне шкада гэтага суддзю, бо ён сам на сябе навесіў маіх 35 базавых. Асудзіў няправедна, несправядліва. Гэта на ягоным сумленні».

Праваабаронца Павел Левінаў адзначае, што падобнай перадвыбарнай сітуацыі ў Беларусі яшчэ не было – усе ранейшыя пратэсты адбываліся ўжо пасля выбараў:

«Калі кагосьці прыцягваюць да адказнасці за тое, што ён рэалізоўваў сваё права, ён за гэтую ўладу галасаваць не будзе. Не будзе галасаваць ягоная сям‘я, родныя, калегі на працы, суседзі. Інфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка. Для чаго ўлада рубіць сук, на якім яна ўдала сядзела, – мне не зразумела».

Занепакоеная сітуацыяй у Беларусі і міжнародная супольнасць. Група экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заклікала ўлады Беларусі ўстрымацца ад гвалту супраць мірных дэманстрантаў і адмовіцца ад запалохвання актывістаў. Адмысловую заяву апублікавалі на сайце вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»