Сяргей Румас загадаў узяць на ўзмоцнены кантроль сітуацыю з коштамі


Аніякае свабоды для інфляцыі! Узяць на ўзмоцнены кантроль сітуацыю з коштамі загадаў прэм’ер-міністр краіны Сяргей Румас. Задача ўраду – укласціся ў гадавы план, а да падвядзення вынікаў года застаецца два месяцы.

Вяртаешся з крамы з закупамі – у запланаваны бюджэт не ўклаўся. Жыхары Менску распавядаюць:

«Непрыемна. Даводзіцца больш выдаткоўваць, безумоўна больш на харчы, на мяса і г.д.».

«Для пенсіянераў гэта вельмі рэзкае вялікае падаражэнне».

«Інфляцыя, кажуць, 0,8%, а кошты растуць – дай божа! І на лекі, і на ўсё»!

Жыхарка Менску казала пра вераснёўскі паказнік інфляцыі, які апынуўся найвышэйшым сярод краінаў СНД і Еўразвязу. Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас зазначыў, што сёлета па выніках дзевяці месяцаў рост коштаў застаецца ў прагназаваных межах (3,7% з 4,3%). Але загадаў яго кантраляваць:

«Прашу міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю, усіх кіраўнікоў узяць на ўзмоцнены кантроль сітуацыю з коштамі».

У гадавы прагноз Нацбанку і МВФ урад укладзецца, калі ў апошнія тры месяцы інфляцыя не перакрочыць адной цэлай васьмі дзясятых адсотка. Ці ёсць падставы для непакою?

«Для Нацыянальнага Банку, які напісаў у сваёй стратэгіі, што трэба каб было тагітаванне інфляцыі, гэта безумоўна дрэннае развіццё сітуацыі, бо гэта тое, ад чаго Нацбанк намагаўся адысці», – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Умяшанне ўраду ў справы Галоўнага банку ніколі не спрыяла развіццю эканомікі рынкавай. Бо рабілася дзеля захавання эканомікі планавай. Вядома, што сёння адну гайку мацней закруці, заўтра – напругі не вытрымае іншая. Насельніцтва, аднак, прызвычаілася да рэгулявання коштаў на народныя тавары. Эканаміст Яраслаў Раманчук каментуе:

«Можна таксама рабіць імітацыю. Можна штучна змяняць кошык тых тавараў і паслугаў, паводле якіх лічыцца інфляцыя, імітуючы стабільнасць цэнаў».

Таму эксперты нярэдка адзначалі вялікую розніцу паміж афіцыйным і рэальным ростам коштаў. Налета планку гадавога росту афіцыйнага паказніка інфляцыі хочуць знізіць да пяці адсоткаў. Калі Палата Прадстаўнікоў ухваліць новую Праграму дзейнасці ўраду да 2020-га года. Але гэтае ўхваленне хутчэй фармальнасць.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: ITAR-TASS / Valery Sharifulin / FORUM