Аб'ектыў 10.06.2019 Сяргей Румас з працоўным візітам у Вялікай Брытаніі


Прэм’ер-міністр Сяргей Румас возьме ўдзел у Дні рынкаў капіталу Беларусі, які праходзіць сёння на Лонданскай фондавай біржы.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»:

«Можа прэзентавацца будучае размяшчэнне аблігацыяў, могуць быць і дзяржаўныя еўрааблігацыі. Магчыма, Беларусь паспрабуе прэзентаваць нейкія карпаратыўныя паперы, гэта могуць быць паперы, выпушчаныя дзяржаўным банкам, як нядаўна прыцягваў Банк развіцця».

Адначасова праграма візіту Румаса ўключае сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, Міністэрства замежных справаў і Міністэрства замежнага гандлю Вялікай Брытаніі – паводле абʼёму, трэцім пасля Расеі і Украіны імпарцёрам беларускіх тавараў. Асноўная пазіцыя – нафта і нафтапрадукты. Праўда, у Брытаніі толькі зарэгістраваныя фірмы-пасярэдніцы, сам тавар пастаўляецца ў іншыя краіны.

Валер Карбалевіч, палітолаг, тлумачыць:

«У заходніх краінах, у тым ліку ў Вялікай Брытаніі, урад не кіруе бізнесам, не кіруе эканомікаю, тым не менш, усё ж ад ураду ў пэўным сэнсе залежыць, якія палітычныя стасункі. То і бізнес глядзіць на гэта. Калі палітычныя стасункі дрэнныя, то і бізнес вельмі асцярожна ідзе ў гэтую краіну, і наадварот».

У траўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб персанальнай адказнасці прэмʼера за эканамічны рост праз павелічэнне вонкавага попыту. Адпаведна, Румас спрабуе скарыстацца ўсімі наяўнымі інструментамі, асабліва ў банкаўскай сферы, кажуць нашыя суразмоўцы. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»:

«Набываючы беларускія аблігацыі ў валюце, інвестары атрымліваюць каля 8-9 % даходнасці ў валюце. Гэта вельмі цікавая даходнасць, дзеля такой даходнасці можна і рызыкнуць. А вось каб укладваць грошы ў беларускія акцыі, у сітуацыі, дзе ў любы момант можна аказацца без укладанняў, без маёмасці, асабліва ахвотнікаў рызыкаваць не знаходзіцца».

Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў якраз і ёсць адною з умоваў супрацы з Сусветным валютным фондам. Але ці пойдуць да нас інвестары?

«Урад у Беларусі тэхнічны. У тым сэнсе, што ўрад не выпрацоўвае эканамічнай палітыкі. Урад працуе ў рамках тых паўнамоцтваў, у рамках той эканамічнай лініі і палітыкі, якую выпрацоўвае прэзідэнт Лукашэнка», – дадае палітолаг Валер Карбалевіч.

Паводле нашага эксперта, з аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад прэм’ера паляпшэння эканамічнай сітуацыі праз рост экспарту, з другога – рычагоў кіравання для дасягнення гэтай мэты ў Румаса яўна не стае.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары