Сяргей Румас уступна дамовіўся з Казахстанам аб пастаўках нафты


«Белнафтахім» рыхтуецца да перамоваў аб пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Такі вынік сённяшняй сустрэчы ў Алматы прэм’ер-міністраў Сяргея Румаса і Аскара Маміна. Разам з тым афіцыйны Менск у аднабаковым парадку больш чым на 6 % павысіў тарыфы на транзіт расейскай нафты праз Беларусь.

Ад 31 студзеня Алматы прымае паседжанне Еўразійскага міжурадавага савету. А 30 студзеня ў Сяргея Румаса, кіраўніка ўраду Беларусі, тут таксама адбыліся важныя двухбаковыя сустрэчы на даручэнне Лукашэнкі.

«Кіраўнік дзяржавы ўпаўнаважыў урад на правядзенне перамоваў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь», – паведаміла прэсавая служба кіраўніка Беларусі.

Зрабіць акцэнт на дыверсіфікацыю рынку Аляксандр Лукашэнка загадаў яшчэ на пачатку года, калі спыніліся пастаўкі расейскай нафты. Канфлікт выклікала адмова Крамля пастаўляць нам сыравіну без 10-доларавай прэміі да кошту кожнай тоны чорнага золата. Прапановы куплі нафты Беларусь накіравала Украіне, Польшчы, краінам Балтыі, а таксама Азербайджану і не ўпершыню Казахстану.

«Трэба, каб былі супольныя праекты, і не толькі казахстанска-расейскія і беларуска-расейскія, але і наўпрост Казахстан – Беларусь, і я думаю, што ў нас атрымаецца з пастаўкамі ды перапрацоўваннем нафты, калі мы дамовімся аб кошце. А чаму не дамовімся? Мы разам можам перапрацоўваць вашую нафту і прадаваць», – адзначыў у размове з казахстанскім журналістам Аляксандр Лукашэнка.

Рэалізаваць такі праект у нашую краіну можна двума шляхамі: праз транскаспійскі трубаправод, морам ва Украіну, а затым чыгункай або больш простым і танным – праз трубаправод «Атыраў – Самара» ды магістраль «Дружба» наўпрост у Наваполацк. Аднак ці не заблакуе гэтага рашэння Расея, на што раней ужо наракаў Аляксандр Лукашэнка?

«Практычна асаблівай патрэбы ў гэтым няма, яны добра ведаюць, што з існым станам мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў і глыбіні перапрацоўкі, не можа рэнтабельна перапрацоўваць і экспартаваць з нафтай, якая прадаецца паводле сусветных коштаў», – мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Гэтак пакуль да рэалізацыі паставак нафты з Казахстану, нягледзячы на леташнія дамоўленасці аб 3,5 мільёнах тон сыравіны на год, справа не дайшла. Беларусь не дасылала запыту аб транзіце ў расейскую «Транснафту». Прычынай, паводле Станіслава Івашкевіча, маглі стаць кошты. Казахстан прапанаваў Беларусі супрацу з прыватнымі кампаніямі, кошты на сыравіну ў якіх не значна меншыя за еўрапейскія.

Юлія Лабанава belsat.eu