Сяргей Румас склаў справаздачу аб паглыбленні інтэграцыі з Расеяй


У якіх сферах інтэгравацца Расеі і Беларусі – дамовіліся. Засталося вырашыць як ажыццявіць інтэграцыю на практыцы. Беларускі прэм’ер Сяргей Румас адсправаздачыўся Лукашэнку пра поспехі на лініі Менск-Масква.

Дарожная карта паглыблення інтэграцыі з Расеяй будзе гатовая ўжо ў верасні – заявіў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэмʼер нашай краіны Сяргей Румас:

«Рабочая група і затым прэмʼеры цалкам адпрацавалі праграму дзеянняў для рэалізацыі палажэнняў саюзнай дамовы і гатовыя яе парафаваць. Гэтая праграма налічвае 66 пунктаў, яны практычна ўсе ўзгодненыя».

Што ў гэтых пунктах? Стварэнне роўных умоваў працы для прадпрыемстваў у абедзвюх краінах – тлумачыць прэмʼер. Менск і Масква дамаўляюцца, што заводы будуць плаціць аднолькавыя падаткі, аднолькава кантраляваць якасць, атрымліваць энерганосьбіты паводле аднолькавых цэнаў. Пра адзіную валюту ці адзіную канстытуцыю Менск і Масква гаворкі не вядуць.

«Канчатковая інтэграцыя – гэта праграма-максімум. Ніхто ў цвярозым розуме на рэалізацыю праграмы-максімум не разлічвае», – кажа Вольга Харламава, палітолаг.

Правесці рэвізію саюзнай дамовы летась запрапанаваў расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў. У якім кірунку інтэгравацца далей – Аляксандр Лукашэнка абяцаў дамовіцца да снежня:

«У снежні будзе 20 гадоў нашай Саюзнай дамове. Ясна, што ніводнай праблемы (я так мяркую) мы не павінныя вынесці за межы гэтага тэрміну».

Сёння Сяргей Румас паабяцаў не толькі развязаць праблемы, але і зрабіць наступны крок – падрыхтаваць 28 дарожных мапаў для выроўнівання ўмоваў працы прадпрыемстваў. Аднак ці адмовяцца расейскія аграхолдынгі ад пратэкцыі «Рассяльгаснагляду», а беларускія заводы – ад шчодрых дзяржаўных субсідыяў?

Аляксандр Какшараў, аналітык кампаніі «IHS Markit», Лондан:

«Я не ведаю, як гэта будзе працаваць палітычна. Значная частка дзяржаўнай дапамогі, якая ідзе на беларускія прадпрыемствы, выдаецца з мэтаю захаваць працоўныя месцы».

Вырашыць, што рабіць з працоўнымі месцамі і прыстасавацца да новых умоваў прадпрыемствам мае дазволіць пераходны перыяд. Наколькі працяглы ён будзе – беларускі прэмʼер не паведаміў.

Аляксандр Папко, belsat.eu