Сяргей Румас назваў прадпрымальнікаў-інаватараў найлепшаю часткаю грамадства


ІТ-распрацоўкі і нават вытворчасць робатаў. Больш за 100 кампаніяў прэзентавалі свае дасягненні на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва ў Менску. Некаторыя распрацоўкі здзівілі нават беларускага прэм’ера Сяргея Румаса. Прадпрымальнікаў-інаватараў ён назваў найлепшаю часткаю грамадства. Пад уражаннем засталіся і замежныя эксперты.

«Я вельмі захоплены тым, што адбываецца ў Беларусі! Я бачу шмат стараннасці і патэнцыйных стартапаў, якія канкуруюць з тым, што можна знайсці ў Крэмніевай даліне ці ў іншых пунктах развіцця бізнесу», – кажа дырэктар Цэнтру даследвання прадпрымальніцтва ў ЗША Тэд Золер.

Галоўная ж падзея тыдня – спаборніцтва стартапаў – распачалАся сёння. На пошук новых крэатыўных бізнес-ідэяў у беларусаў ёсць 48 гадзінаў. Найлепшыя атрымаюць права быць прэзентаванымі міжнародным інвестарам у Лондане. У Беларусі ж пакуль з падтрыманнем стартапаў ёсць складанасці. Сетка бізнес-анёлаў пачала дзеяць нядаўна, а венчурных фондаў – арганізацыяў, што займаюцца інвестыцыямі пры высокіх рызыках, – няма ніводнай. Таццяна Марыніч, генеральная дырэктарка «BEL.BIZ», «IMAGURU»:

«Калі ўрад і заканадаўства будзе рабіць крокі, каб змяніць сітуацыю, і заканадаўства будзе мяняцца, каб зʼяўляліся беларускія венчурныя фонды, або венчурныя фонды з замежным капіталам у РБ, вядома, гэта будзе садзейнічаць росту стартапаў у Беларусі».

Некаторае паляпшэнне бізнес-клімату ўсё ж назіраецца. У новай эканамічнай праграме дзейнасці ўраду акцэнт зроблены на ўдасканаленне сістэмы падтрымання малога і сярэдняга бізнесу, кажуць прадстаўнікі ўладаў.

«Амаль ужо падрыхтавалі новы праект дэкрэту галавы нашай дзяржавы, які будзе датычыць новых пытанняў і падыходаў у сферы ліцэнзавання. Акрамя гэтага, падрыхтаваная рэдакцыя падатковага кодэксу», – каментуе Дзмітрый Матусевіч, намеснік міністра эканомікі.

Цяпер за няплату падаткаў у краіне адбываюць пакаранне шэраг буйных бізнесоўцаў, сярод якіх і бізнес-анёл Аляксандр Кныровіч. Новае заканадаўства мусіць пазбавіць крымінальнай адказнасці за такія правапарушэнні.

«Галоўнае падтрыманне, каб не перашкаджаць. Галоўнае падтрыманне, каб чалавек не баяўся. Трэба прыбраць страх, трэба прыбраць тыя нарматыўныя акты, якія сёння стварылі механізм рэпрэсіўны ў дачыненні бізнесоўцаў, якія праяўляюць ініцыятыву», – кажа Уладзімір Карагін, каардынатар рэспубліканскага савету канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

У рэйтынгу doing bussiness, які ацэньвае лёгкасць вядзення бізнесу ў краіне, Беларусь месціцца на 37 пазіцыі са 190. Але гэты рэйтынг не дае поўнай карціны, мяркуюць адмыслоўцы. У індэксе эканамічнай свабоды, які, у дадатак, ацэньвае верхавенства закону і эфектыўнасць ураду, Беларусь ужо на 104-ым месцы. А ў індэкс канкурэнтаздольнасці, што ўлічвае карупцыю і фінансавы стан дзяржаўных прадпрыемстваў, нашая краіна не ўвайшла ўвогуле.

Юлія Лабанава, belsat.eu