Сяргей Пальчэўскі пра вызваленне: «Для мяне гэта цуд божы»


Добрыя навіны ў «справе патрыётаў»: напярэдадні Вялікадня маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага адпусцілі пад падпіскі аб нявыездзе. Святочную раніцу яны сустрэлі ў царкве ў Менску. Пра акалічнасці затрымання і далейшыя планы актывістаў – у нашым відэаматэрыяле.

Актывісты «Маладога фронту» святкуюць Вялікдзень не за кратамі, а дома з сямʼёй. Першым напярэдадні з следчага ізалятару СІЗА КДБ выйшаў лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч, а праз некалькі гадзінаў адпусцілі і Сяргея Пальчэўскага.

«Для мяне гэта цуд божы, бо я нават не думаў, што мяне зараз выпусцяць, калі нас перавезлі ў «амерыканку», я думаў што буду доўга сядзець, а на наступны дзень вызвалілі», – распавядае Сяргей Пальчэўскі.

Трох актывістаў «Маладога фронту» затрымалі 22 сакавіка ў доме пісьменніка Уладзіміра Арлова ў Менску. Арцёма Леўчанку адпусцілі пасля 10 сутак арышту, а Пальчэўскага і Дашкевіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых закалотаў. Патрыятычна-спартовы клуб «Ваяр», зарганізаваны маладзёнамі, следства назвала ўзброеным фармаваннем.

«Я абсалютна ўпэўнены, што гэта было зроблена для таго, каб нас напалохаць, і гэта на мяне не спрацавала, наадварот нават», – кажа Арцём Леўчанка.

Адразу пасля затрымання дома ў Дашкевічаў учынілі пяцігадзінны ператрус. Канфіскавалі сцягі, мегафоны і грошы, што сямʼя з двума маленькімі дзецьмі адкладала на адпачынак.

Вызваленне для актывістаў было такім жа нечаканым, як і затрыманне.

Глядзіце таксама:

Аднак, на думку самога лідара Маладога фронту Змітра Дашкевіча, гэтыя затрыманні былі не толькі прэвентыўнымі захадамі перад Днём волі, але і помстай за абарону Курапатаў:

«Мо, сапраўды не да рэшты прададзенае сумленне ў некаторых людзей у гэтых структурах. Таксама вызваленне сведчыць аб тым, што справа абсалютна фэйкавая і нам хацелася б чакаць вызвалення ўсіх астатніх людзей, што сядзяць па гэтай выдуманай справе».

Агулам Дашкевіча і Пальчэўскага пратрымалі за кратамі тры тыдні, зараз яны адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе, але абвінавачванне з Дашкевіча пакуль не знялі. Актывіст плануе і надалей працягваць палітычную дзейнасць, а вось дзейнасць «Ваяра» плануе прыпыніць на два гады.

Усяго па так званай «справе Белага Легіёну» затрымалі 35 чалавек, 17-ці з іх выставілі крымінальнае абвінавачванні.

Настасся Храловіч, belsat.eu