Сям'ю з малымі дзецьмі высяляюць. Бацькі абвесцілі галадоўку


Сямʼю з малымі дзецьмі высяляюць з інтэрнату, суд дапускае грубую памылку, а ніводзін чыноўнік нават не спрабуе дапамагчы. Сямʼя Шкробавых з Менску абвесціла галадоўку, бо іншыя спосабы змагання з сістэмай вычарпаныя.

Судовых выканаўцаў Віктар Шкробаў сустрэў абвешчаннем пра галадаванне. Такім чынам мянчук змагаецца супраць высялення сваёй сям’і з інтэрнату, якое лічыць незаконным.

«Мой муж ужо некалькі дзён трымае галадоўку, мы сямʼя Шкробавых, у нас двое малых дзяцей», – распавядае Вольга Шкробава.

Віктара Шкробава з жонкай і малымі дзецьмі выселілі з інтэрнату станкабудаўнічага заводу яшчэ ў 2011 годзе, не дапамагло і хадайніцтва, якое запатрабавалі самыя чыноўнікі.

«Я прынёс хадайніцтва – яны разгледзелі: вы не працаўнік заводу, мы не можам надаць вам жытла. Пасля гэтага 6 гадоў жытло стаіць зачыненае, мы жывём на здымных кватэрах», – распавядае Віктар Шкробаў.

Пастанова пра высяленне ўступіла ў моц, але дасюль не выкананая праз парушэнні службы судовых выканаўцаў.

«Яны не выканалі законным чынам, бо замест каб выселіць, завялі судовую вытворчасць пра спагнанне нуля рублёў. Так працуе нашая сістэма», – кажа Віктар Шкробаў.

У змаганні з сістэмаю сямʼі Шкробавых дапамагалі праваабаронцы.

«Суд не меў рацыі, бо не было прававых падставаў, не было паседжання прафсаюзнай камісіі, якая вырашала, суддзя пераблытала пакоі, дзе яны жылі, былі не толькі памылкі права, але і памылкі самога працэсу», – распавядае кіраўнік праваабарончага цэнтру дапамогі насельніцтву Алег Волчак.

Праваабаронца адзначае: адміністрацыя інтэрнату столькі наблытала з гэтым высяленнем, што закон да гэтага часу на баку Шкробавых. Але на ўсе лісты чыноўнікі адказваюць адпіскамі. Кіраўніцтва інтэрнату каментаваць сітуацыю адмаўляецца:

«Я не буду адказваць, добра? Я адмаўляюся адказваць».

Сужэнцы ж маюць сваё тлумачэнне цяперашняй сітуацыі:

«А цяпер проста справа прынцыпу нас не засяляць. Я гэта чула сама ад адміністрацыі заводу і інтэрнату, што гэта ўжо справа прынцыпу», – сцвярджае Вольга Шкробава.

Дзяржава становіцца ўсё менш сацыяльнаю, мяркуе Алег Волчак, а найбольш неабароненыя яе грамадзяне не маюць спосабаў прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў.

«У людзей проста няма іншых аргументаў, апроч як на шкоду свайму здароўю падняць гэтую праблему больш глабальна – паказаць, што суды не працуюць, што выканаўчыя органы таксама абыякава ставяцца да праблемаў людзей, не абараняюць людзей», – лічыць Алег Волчак.

Віктар і Вольга Шкробавы здавацца не збіраюцца.

«Мы будзем далей працягваць галадоўку», – кажа Вольга Шкробава.

Ірына Дарафейчук belsat.eu