Сямʼю Галіны Ігнатовіч, якая залезла на кран, выселілі


Ігнатовічаў не задавальняе ні від, ні памер кампенсацыі

Гады перамоваў з будаўнічаю кампаніяй, судовыя разбіранні і нават пратэст на вежавым кране. Сям’я Ігнатовічаў спрабавала адстаяць права на справядлівую кампенсацыю за дом, які трапіў пад знос, як магла. Аднак усё марна: сёння сямʼю прымусова выселілі.

Судовыя прыставы прыехалі апісваць маёмасць з раніцы. Пастановаю суда Цэнтральнага раёну Менску з уласнага дому Ігнатовічаў выпісалі яшчэ летась і прапісалі ў кватэры, якія ў якасці кампенсацыі запрапанаваў забудоўнік. Аднак Ігнатовічы на такую замену не згодныя.

Спадарства Ігнатовічаў не задавальняе ні від кампенсацыі – адныя ўласнікі хацелі б атрымаць грашовую кампенсацыю, іншыя – жытло, ні памер. Акрамя таго, у новых кватэрах наўпрост не стае метраў усім прапісаным жыхарам.

Забудонік: «усё паводле суда»

За пяціпакаёўку на 116 квадратаў сямʼя з 11-ці чалавек атрымала тры кватэры. Зямельны надзел на 20 сотак проста не ўлічваўся, бо пастановы адносна яго Менскі гарвыканкам яшчэ не прыняў. Аднак на ўсе заўвагі прадстаўнік забудоўніка сцвярджае, што «ўсё паводле суда».

«У адпаведнасці з прынятым судом рашэннем тры кватэры – гэта кампенсацыя за рэалізацыю іх маёмасных правоў. Усё. Жадае, не жадае «Тапас»… «Тапас» выканаў рашэнне суда. Кватэры, якія прадставілі ў якасці кампенсацыі, зарэгістраваныя за Ігнатовічамі», – зазначыў прадстаўнік кампаніі Тарас Тугарынаў.

Пасля пратэсту на кране у сямʼі зʼявілася надзея, што іх пачуюць

За справу ўзяўся пракурор сталіцы, які знайшоў парушэнні і вынес пратэст. Аднак у хуткім часе пракурор даў задні ход і часова прыпыненае судовае рашэнне зноў набыло моц.

«Рашэнне суда вынесенае на незаконнай падставе: не складаўся ні акт рознагалосся з уласнікамі. Адпаведна, зварот у суд быў заўчасным да таго часу, як не быў падпісаны акт рознагалосся, які падпісваецца намеснікам старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёну, упаўнаважанага на падпісанне акту», – тлумачыць юрыдычныя своеасаблівасці адвакат Павел Іванюшаў.

Ігнатовічы спадзяюцца дамагчыся праўды.

Сямʼя падала скаргу ў Вярхоўны суд і цяпер чакаюць пастановы галоўнага суда краіны. Аднак ужо цяпер дзесяць чальцоў вялікае сямʼі (за выключэннем жонкі Івана Ігнатовіча ў другім шлюбе) мусяць пакінуць жытло. Новую жонку гаспадара суд увогуле не ўзяў да ўвагі пры вынясенні рашэння, як рассяляць сям’ю. У выніку паводле суда выходзіць, што Іван Ігнатовіч мусіць жыць з абедзвюма жанчынамі.

Юлія Лабанава, Менск