«Сядаць за $ 100 ніхто не хоча». Расейская карупцыя інтэгруецца з беларускай


У Расеі розніца паміж публічна даступнымі дамовамі аб дзяржаўных закупах і рэальна падпісанымі складае больш за 7 адсоткаў ВУП. Маштаб карупцыі кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын ацаніў у трыльёны расейскіх рублёў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На аператыўных здымках з Расеі бачым, як нехта прымае хабар за дапамогу ў атрыманні будаўнічага кантракту. Такія прыклады замінаюць развіццю эканомікі і крадуць штогод некалькі трыльёнаў рублёў з бюджэту, заявіў кіраўнік Падліковай палаты Расеі Уладзімір Кудрын:

«Аб’ём фінансавых парушэнняў за 2019 год склаў 804 млрд рублёў. Траціну гэтай сумы склалі парушэнні бухгалтарскага ўліку, якія выпраўляюцца падчас праверак, а яшчэ адна траціна – гэта парушэнні працэдураў закупак».

Нестыкоўкі ў пачатковых кантрактах і выніковых (у Адзінай інфармацыйнай сістэме закупак Расеі) склалі больш за 7 % ад ВУП краіны ў 2018 годзе. У Беларусі ж існуюць 3 парталы, на якіх выстаўляюць інфармацыю аб закупах з пачатковаю цаною і ўмовамі, тлумачыць Станіслаў Івашкевіч з праграмы«Давайце разбірацца»:

«Аднак у Беларусі не заўжды публікуецца пераможца і ніколі не публікуюцца выніковыя кантракты, якія былі падпісаныя па выніках закупу. У тых выпадках, якія мы расследавалі, закупы былі павялічаныя ў разы, але агулам я б ацаніў страты бюджэту ад карупцыі прыкладна на 20 % ад дзяржзакупаў, не ад ВУП.

Беларусь уваходзіць у групу краінаў, якія робяць рэгулярныя даследаванні ў змаганні з карупцыяй. І Беларусь – адзіная, хто забараняе публікаваць вынікі гэтых доследаў.

Паказаць рэальныя маштабы карупцыі складана, аднак маем адмыслоўцаў, якія выяўляюць факты крадзяжу дзяржаўных грошай. У праграме «Белсату» «Давайце разбірацца» гэта робіць каманда Станіслава Івашкевіча. Пасля выхаду ў свет серыі «Карупцыя на чыгунцы: як і хто распільвае бюджэт?» чыноўнік «Белінтэртранса» Аляксандр Янчэўскі прасіў завесці на журналіста крымінальную справу за паклёп. Але днямі супрацоўнікі Партызанскага РУУС Менску правялі праверку, па выніках якой паклёпу ў расследаванні Івашкевіча не знайшлі.

Хочаш выйграць у тэндары – плаціш адкат. Гэта зʼяўляецца хабарам. Гэтак карупцыйны ланцуг выглядае ў закупах. Медыцына, энергетыка, будаўніцтва – галіны з высокаю карупцыйнаю ёмістасцю, кажа аўтар праекту opentenders.by Уладзімір Кавалкін:

«Сядаць за $ 100 ніхто не захоча, а калі ёсць магчымасць атрымаць дзясяткі, сотні ці нават мільён долараў у выглядзе адкату – вось тады рызыка, што называецца, адпаведная выгадзе, якую можна атрымаць».

Даследчыя цэнтры SYMPA і BIPART запачаткавалі праект «Open tenders», які ў супрацы з нашаю старонкаю публікуе ўсю даступную інфармацыю па тэндарах у дзяржаўных закупах. А кантрабанда лічыцца другою пасля закупаў у абкраданні краіны. Бізнес не для кожнага, падкрэслівае Станіслаў Івашкевіч:

«Гэта нават не дзяржаўныя фірмы найвялікшыя кантрабандысты. Фірмы гэтыя кантрабандысцкія належаць людзям, набліжаным да сямʼі Аляксандра Лукашэнкі».

У інтэрвʼю «Белсату» адмыслоўцы не раз адзначалі, што ўласныя інтарэсы «першай сямʼі» замінаюць у падпісанні інтэграцыйных дамоваў з Расеяй і ў Еўразійскай інтэграцыі. Кіраўнік Падліковай палаты Расеі Уладзімір Кудрын напрыканцы лістапада казаў:

«Мы будзем не раз збірацца Падліковымі палатамі нашых краінаў для аналізу дзяржаўных праграм і сумесных праграм, калі нам такі мандат дададуць».

Беларуская праграма барацьбы з карупцыяй у такім выпадку яшчэ больш згубіць на эфектыўнасці.

Юлія Цяльпук belsat.eu