Сябра Шарамета: следства будзе падганяць аўдыёзапіс КДБ пад абвінавачанне


Лукашэнка і КДБ дагэтуль не адрэагавалі на скандальны аўдыёзапіс, з якога вынікае, што кіраўнік краіны замаўляў і фінансаваў забойствы крытыкаў улады. Але ёсць міжнародная рэакцыя. Нацыянальная паліцыя Украіны правядзе следчыя дзеянні з чалавекам, які валодае аўдыязапісам у справе забойства Паўла Шарамета.

У 2019-м годзе следчыя ўкраінскай паліцыі ў прысутнасці міністра ўнутраных справаў і прэзідэнта Зяленскага рапартавалі, што практычна раскрылі справу аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. І хоць следчыя дзеянні яшчэ не скончыліся, яны вырашылі апублікаваць матэрыялы справы з прычыны вялікай увагі грамадства.

«Гэта вельмі складаная справа, у якой следчыя вывучылі тысячы матэрыялаў, у тым ліку відэа і аўдыё. Было праведзена больш за паўсотні экспертызаў», – заявіў кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў 12 снежня 2019 года.

Пад варту ўзялі трох асобаў: ваенную медсястру Яну Дугар, дзіцячага кардыяхірурга Юлію Кузьменка, а асноўны падазраваны – музыка і ветэран-добраахвотнік Андрэй Антоненка. Яго следчыя запісалі ў нацысты, нібыта Антоненка забіў журналіста беларускага паходжання, каб разгайдаць грамадска-палітычную сітуацыю ва Украіне.

«Я прыехаў у свой двор, вось мая машына, а вось стаяць людзі. Я пытаю, да каго. Бо планаваў ісці дадому. Аказалася, што да мяне, з падазрэннем у крымінальнай справе. Я быў, мякка кажучы, шакаваны», – казаў Антоненка падчас затрымання.

Следчых раскрытыкавалі журналісты – не толькі за заўчасную публікацыю матэрыялаў, але і за мноства нестыковак. Цяпер жа ўсе ўкраінскія медыі абмяркоўваюць аўдыязапіс 2012 года, дзе чалавек з голасам старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава загадвае ўзарваць Паўла Шарамета, які тады яшчэ жыў у Расеі. Матыў – палітычная і журналісцкая дзейнасць Шарамета, даўняга ворага Аляксандра Лукашэнкі.

Але намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што апублікаваныя запісы ніяк не ўплываюць на статус трох падазраваных, бо яны нібыта выканаўцы забойства, а справа замоўцаў – у асобнай вытворчасці.

Сёння ж прэс-сакратар міністэрства Арцём Шаўчэнка заявіў, што магчымая праслушка КДБ толькі пацвярджае версію пра датычнасць трох падазраваных.

«У версіі следства не было нічога наконт беларускага следу. І калі б гэтая версія разглядалася паліцыяй, гэта б дапамагло… Ідзе нестыкоўка з матывам замоўцы. І яны паспрабуюць гэта неяк аб’яднаць. Мне падаецца, яны будуць тыя доказы, што ёсць у судзе, пад іх падганяць версію на відэа», – пракаментаваў «Белсату» акалічнасці справы адвакат Масі Наем, які сябраваў з Паўлам Шараметам.

Аўдыязапіс размовы старшыні КДБ і матэрыялы сачэння за Паўлам Шараметам, а таксама матэрыялы пра падрыхтоўку забойстваў іншых праціўнікаў Лукашэнкі за мяжой апублікавала аўтарытэтнае выданне «EUobserver» і сайт «Беларускі народны трыбунал». Эксперты Цэнтру медыякрыміналістыкі ЗША не змаглі пацвердзіць голасу Вадзіма Зайцава праз якасць запісу, але не знайшлі і слядоў аўдыяманіпуляцыяў.

«Я проста ў шоку, калі гэта кіраўнік такога магутнага органу ў нашай краіне, і выказваецца такімі словамі, то чаго можна чакаць?» – кажа Людміла Шарамет, маці забітага журналіста.

Матэрыялы распаўсюдзіў Ігар Макар – былы намеснік камандзіра баявой групы падраздзялення антытэрору «Алмаз». Ён паведаміў, што гатовы прыляцець у Кіеў даць паказанні як сведка, і з ім ужо звязваліся ўкраінскія спецслужбы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»