Аб'ектыў 02.11.2018 Святыя дзяды, ляціце сюды!


«Святыя дзяды, ляціце сюды!» – некалі казаў у гэты дзень гаспадар дому, тройчы са знічам абыходзячы святочны стол. Беларусы адзначаюць Дзяды – дзень, калі памерлыя продкі завітвалі ў госці да нашчадкаў.

Памерлых частавалі і прасілі аб заступніцтве. Старажытнае паганскае свята ў найменш змененай форме захавалася менавіта ў беларусаў.

«Старажытнае свята сінкрэтызавалася з хрысціянскім святам памяці памерлых, якое ў заходняй традыцыі адзначаецца 2 лістапада, ідзе адразу пасля свята 1 лістапада – Дня ўсіх святых», – распавядае Ірына Дубянецкая, доктар багаслоўя.

«Гэта не толькі дзень памяці. Гэта дзень, калі мы ўсведамляем сябе хто мы, дзеля чаго мы жывем і на гэтым свеце і які будзе канец нашага жыцця тут». – кажа ксёндз Мікалай Ціхановіч, Глыбокае.

У гэты дзень сям’я прыбірала дом, прыводзіла ў парадак магілы продкаў і мылася ў лазні. Затым сядала за памінальны стол. На яго абавязкова ставілі куццю – салодкую кашу з зерня. Частаваліся канунам – печывам, залітым падсалоджанаю мёдам вадой, елі бліны і бульбяныя клёцкі з начыннем. Падчас вячэры ўзгадвалі памерлых – ад далёкіх продкаў да тых, хто адышоў нядаўна. Страваў са стала не прыбіралі – пакідалі на ноч для Дзядоў. Ірына Дубянецкая, доктар багаслоўя:

«Лічылі, што ў гэтым часе сонца сыходзіць у ніжні свет ажно да Калядаў, калі яно нараджаецца наноў. Таму гэты перыяд выпадае з мінулага і будучыні, з кругабегу часу. У гэты перыяд усе брамы адкрываюцца, а ўсе светы прысутныя адначасова ў адным месцы».

Дзяды былі дзяржаўным святам у Беларусі да 1996 года. У публічнай прасторы раз-пораз узнікаюць дыскусіі, каб памінальны дзень зноў зрабіць выходным. Толькі летась з такою прапановай да кіраўніка краіны звярнуліся сотні вернікаў і галава Касцёлу ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Хоць адказ быў адмоўны, шмат якія беларусы такую ідэю падтрымліваюць і сёння. Распавядаюць жыхары Глыбокага:

«Дрэнна, што няма выходнага. Дрэнна, вядома. Людзі ўсе збіраліся, сустракаліся, родзічы ўсе».

«Больш бы людзей змагло прыйсці, наведаць сваіх».

«Бачыце, што працоўны дзень, а людзі ўсё роўна – хто можа, той прыязджае, розніцы няма».

«Не ўсе могуць прыехаць на могілкі. Лепш бы, вядома, каб быў выходны!»

Дзяды – гэта ўнікальнае свята, якое можа паспрыяць аб’яднанню беларусаў, лічаць эксперты.

«У часы новай Беларусі паўстала традыцыя адзначаць усіх важных для краіны, для Беларусі людзей. Людзі ідуць на могілкі не толькі да сваіх родных, а да знакавых постацяў беларускай традыцыі», – гаворыць Ірына Дубянецкая, доктар багаслоўя.

Святкаванне Дзядоў дапамагае захоўваць памяць пра сваіх продкаў, згуртоўвае сям’ю і, магчыма, дапаможа згуртаваць краіну. Сядайце за стол, запрашайце родных – і хай дзяды цешацца, гледзячы на вас!

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары