Святы пад пільным наглядам


Прапускны рэжым, асабісты надгляд, дадатковыя нарады міліцыі. Падчас навагодніх святаў Міністэрства ўнутраных справаў працягне працу ва ўзмоцненым рэжыме. Гэта робіцца дзеля камфортнага адпачынку грамадзянаў, запэўніваюць у МУС.

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава адзначае:

«Узмоцнены варыянт фактычна працягваецца. Безумоўна, будуць прынятыя ўсе захады, каб не дапусціць ніводнага надзвычайнага здарэння».

МУС заклікае грамадзянаў прыходзіць на месцы масавых гулянняў заранёў, цвярозымі, без небяспечных рэчаў ды алкаголю. Гэтыя захады, запэўніваюць міліцыянты, прымаюцца «выключна ў мэтах бяспекі».

Улады баяцца бел-чырвона-белых спалучэнняў, упэўнены палітычны аналітык Аляксандр Фядута. На ягоную думку, на святы пратэстоўцы мусяць адпачыць, каб зберагчы сілы да лютага, калі адбудзецца Усебеларускі народны сход.

«У той момант, калі ты дастанеш нешта з кішэні – сцяжок, «Пагоньку», – усе ведаюць адразу, што ў цябе гэта ёсць, і можна адразу весці ў суд, можна адразу атрымаць пэўны прысуд. І свята будзе адразу ўва ўсіх, у тым ліку ў міліцыянтаў», – кажа Аляксандр Фядута.

Між тым камандзір менскага АМАПу Дзмітрый Балаба папярэдзіў, што амапаўцы зробяць сваю працу дзеля таго, каб, цытата, «нашым грамадзянам адпачывалася спакойна і каб не дай бог хтосьці не выйшаў нават за межы прыстойнасці».

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў