Святлана Ціханоўская: незалежным журналістам прыходзіцца цяжка ў гэтыя дні


Усмешкі і сцягі, воплескі і натхнёныя вочы – яшчэ ніколі выбарчыя пікеты ў Беларусі не збіралі столькі людзей, як гэтым летам.

Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала правялі сёння чарговыя сустрэчы з выбарнікамі Гарадзеншчыны.

«Я адчуў што я не адзін, гэта галоўнае».

«Увесь народ хоча сумленнасці, справядлівасці і лепшага жыцця для ўсіх».

«Чакаем сумленных выбараў, і сумленных вынікаў. Калі сумленных выбараў не будзе, будзем мяняць усё ў гэтай краіне неяк па-іншаму», – кажуць гарадзенцы.

Апроч Горадні каманда кандыдаткі на прэзідэнцтва наведала сёння Ваўкавыск і Слонім.

У саракатысячным Ваўкавыску сустрэцца з Ціханоўскай прыйшлі каля дзвюх тысячаў жыхароў.

Заўтра сустрэчы са Святланай Ціханоўскай запланаваныя ў Баранавічах і Берасці. А на чацвер штаб кандыдаткі анансаваў чарговы мітынг у Менску.

Актывісты і давераныя асобы Святланы Ціханоўскай ладзяць мітынгі для падтрымання кандыдаткі і ў іншых гарадах Беларусі. На Магілёўшчыне сёння такія акцыі адбыліся ў Слаўгарадзе, Крычаве і Горках. На падобныя акцыі збіраецца менш народу не толькі праз адсутнасць самой Ціханоўскай, адзначаюць арганізатары.

«Людзі запалоханыя, іх запалохваюць улады, чыноўнікі. Я дакладна ведаю, што іх просяць, каб яны не прыходзілі, іх падманваюць, што мітынгу не будзе, ці пагражаюць звальненнем з працы», – кажа Таццяна Сівачэнка, давераная асоба Святланы Ціханоўскай.

Але нават тыя, хто не прыйшоў на мітынг, ці пабаяўся падчас яго выйсці да мікрафону, не падтрымліваюць дзейныя ўлады, кажуць жыхары Слаўгараду:

«Ніхто не падтрымлівае Лукашэнкі. Ну, можа, выканкам і міліцыя. Бо вы ж разумееце – іх адрываюць ад кармушкі».

«Мне падабаецца атмасфера таго, што адбываецца ў краіне. Калі раней не было ніякай надзеі, што нешта зменіцца, то цяпер ускалыхнулася».

«Я думаю, што краіну для жыцця мы пабудуем».

Улады ж не толькі падманваюць і запалохваюць выбарнікаў, але і перашкаджаюць незалежным журналістам асвятляць выбарчую кампанію.

«Учора ў горадзе Маладзечне і ў горадзе Лідзе пасля нашых пікетаў былі затрыманыя дзве каманды журналістаў тэлеканалу «Белсат». Я хачу падтрымаць незалежных журналістаў і блогераў, ім прыходзіцца цяжка ў гэтыя дні», – сказала падчас мітынгу ў Горадні Святлана Ціханоўская.

Агулам учора затрымалі пяцярых журналістаў «Белсату». У пастарунках на іх склалі пратаколы за працу без акрэдытацыі і забралі тэхніку, а самых журналістаў вызвалілі.

«Яны не ведалі, што рабіць, выходзілі з кабінету, перазвоньваліся, з кімсьці, я так разумею, зверху. На нас склалі пратаколы паводле артыкулу 22.9», – распавядае журналіст «Белсату» Уладзімір Лунёў.

«Яны ціснуць менавіта на тых хто ладзіць стрымы, і паколькі ў іх ужо ёсць адпрацаваны механізм ціску на нашых стрымераў. І яны ім карыстаюцца», – мяркуе журналіст Зміцер Міцкевіч.

Праваабаронцы ж паведамляюць, што па ўсёй краіне судзяць і затрымліваюць дзеля адбывання раней прызначаных арыштаў актывістаў, у тым ліку валанцёраў кампаніі «Краіна для жыцця».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»