Святлана Ціханоўская не расціскае кулак: апошні выбарчы мітынг – будзе


Штаб Святланы Ціханоўскай не саступае і запрашае беларусаў на заўтрашні мітынг-канцэрт на Бангалор. Хоць улады заявілі там сваю неперадвыбарчую імпрэзу. А дзве гадзіны таму афіцыйна папярэдзілі кандыдатку пра немагчымасць правядзення мітынгу ў парку Дружбы народаў – пляцоўка будзе занятая.

Учора затрымалі 18 жыхароў Слуцку, якія чакалі сустрэчы з кандыдаткаю Ціханоўскай і не ведалі, што мітынг адмянілі.

«Кагосьці забралі сталага веку, які раней перажыў інсульт. Некага забралі, выцягнуўшы з крамы. Сёння зранку мы прыйшлі падтрымаць усіх, у каго сёння суд», – кажа Яўген Голад, паплечнік затрыманага ў Слуцку.

Судзілі і штрафавалі ўсіх, для каго жаданне пабачыць свайго кандыдата скончылася ў РАУСе. Сярод іх журналістка газеты «Новы Час» Зінаіда Цімошык, якая рабіла фота затрыманняў:

«Там трое чалавек сядзелі ў кайданках з рукамі, за спінаю скручанымі. Адзін з іх сядзеў у кайданках 4 гадзіны і ў яго рукі пачалі рабіцца сінімі, надувацца жылы».

Журналістка заступілася за маладзёна, да кайданак якога ў РАУСе не аказалася ключа… за што ледзь не трапіла ў ізалятар. Ейны працэс перанеслі на заўтра. Дванаццаці асуджаным сёння далі штрафы ў 81 рубля, а Уладзіславу Загарэю – 5 содняў арышту. Андрэй Крот, бацька затрыманага:

«Сёння такая сітуацыя ў Лукашэнка – што б ён не рабіў, дазволіў ці забараніў, мы ўсё адно будзем выходзіць і адчуваць кайф салідарнасці. Майго сына затрымалі – Іллю Крота, і я ганаруся ім, бо сапраўдныя беларусы – героі і такіх мільёны».

Прычынаю адмены мітынгу на адмыслова адведзеным стадыёне назвалі тэрміновыя работы на ім і ў прылеглым доме. Адкрылі каналізацыйны люк, паставілі тэхніку. Праз некалькі гадзін сябраў абʼяднанага штабу не пусцілі ў Салігорск, бо «Салігорскі Райвыканкам не даў дазволу на правядзенне дадзенага мерапрыемства».

Рамонт распачалі і на Салігорскай пляцоўцы, а таксама ў Мядзелі, Марʼінай Горцы, Чэрвені… Нязгодных пакідаць месца збору людзей – затрымліваў АМАП. Агітацыйныя пікеты сарвалі таксама 2 жніўня ў Бярозе і 3 жніўня ў Стоўбцах… пасля трыумфальнага 65-тысячнага спаткання з выбарнікамі ў Менску.

На апошні мітынг-канцэрт на плошчы Бангалор штаб Святланы Ціханоўскай запрашае 6-га жніўня, хоць Мінабароны абвесцілі, што менавіта там мае прайсці мілітарная імпрэза з нагоды Дня чыгуначных войск.

«У гэтай сітуацыі, калі ў нас застаецца апошняя сустрэча, яна шырока анансаваная, людзі ў любым выпадку прыйдуць. Я спадзяюся, што ў улады хопіць абачлівасці, каб не абвастраць абстаноўку і дазволіць нам гэты пікет правесці», – распавяла Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай.

Людзі чакаюць павагі ад дзяржавы, якая блакуе пікеты і праз такое «арэндаванне» месца іншымі субʼектамі. Каманда Святланы Ціханоўскай накіравала на гэта скаргі ў Цэнтральную Выбарчую камісію і Менгарвыканкам.

«Паводле нашых законаў улады маюць вельмі вялікія магчымасці для перашкодаў, хоць гэтыя перашкоды і моцна парушаюць нашыя міжнародныя абавязкі, і нашую Канстытуцыю, але тым не менш», – Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту.

Праз гэта не могуць выказацца і падвяргаюцца рэпрэсіям прыхільнікі змены ўлады, журналісты і часам – тыя ж праваабаронцы, якія не ўдзельнічаюць, а інфармуюць і вядуць маніторынг.

Юлія Цяльпук, «Белсат»