Святлана Алексіевіч: наша мэта абъяднаць грамадства


Дакладна не першыя воплескі ў жыцці нобэлеўскай лаўрэаткі, але ўпершыню – у такой сітуацыі. Святлану Алексіевіч выклікалі ў Следчы камітэт. Пісьменніца мела выступіць у якасці сведкі ў крымінальнай справе пра нібыта захоп улады праз стварэнне Каардынацыйнай рады, чальцом прэзідыуму якой яна зʼяўляецца.

«Я адчуваю, што ўсё, што мы рабілі, гэта цалкам законна. Больш за тое, гэта вельмі патрэбна сёння, таму што калі так нас будуць падзяляць і калі мы будзем падзяляцца, мы абавязкова скоцімся да грамадзянскай вайны, гэта вельмі небяспечна. І нашая мэта была – толькі абʼяднаць грамадства, дапамагчы пераадолець палітычны крызіс», – кажа Святлана Алексіевіч.

Пісьменніца правяла ў будынку Следчага камітэту менш за гадзіну:

«Бо я адмовілася адказваць на пытанні, адказы на якія можна пачытаць паўсюль». – А падпіску пра неразгалошанне падпісвалі? – Не. У мяне не ўзялі. – Ваш статус не змяніўся? Вы па-ранейшаму сведка? – Так, пакуль яшчэ».

Сябры прэзідыуму рады лічаць дзеянні ўладаў няўдалымі спробамі ціску і адмысловай заявай заклікаюць далучацца ўсіх, хто хоча пераменаў.

З заявы Каардынацыйнай рады:

«Ціск на чальцоў прэзідыуму такі ж бессэнсоўны, як спадзяванні, што беларусы забудуць пра тое, што адбылося, ці даруюць тым, хто здзяйсняў злачынствы. Пасля распачынання крымінальнай справы мы атрымалі сотні заявак, а пасля сённяшніх пагрозаў упэўненыя, што атрымаем тысячы».

Ля будынку Следчага камітэту сабраліся сёння не толькі сябры рады, але і тыя, каго абурыў выклік Святланы Алексіевіч.

«Такія людзі, як Святлана, набліжаюць, канечне, момант, калі мы пераможам. Таму мы ўсе з ёй, дзякуй ёй вялікі».

«Яна – наш сімвал, і тое, што яе запрасілі ў следчы камітэт, – гэта ганьба ў вачах сумленных людзей усяго свету», – кажуць жыхары Менску.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў адзначае:

«Гэта яшчэ адно красамоўнае сведчанне стаўлення рэжыму да культуры. Культура для іх папросту не існуе. Яшчэ адзін прыклад – зачынены Купалаўскі тэатр, куды не могуць трапіць акторы, што напісалі заявы пра звальненне на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі».

Новы дырэктар Валер Грамада заявы падпісаў, асабіста з працаўнікамі не сустрэўшыся. З заўтрашняга дня звольненыя 58 асобаў – зорная палова трупы і ўсе рэжысёры тэатру, які праз тры тыдні меў адзначаць стогадовы юбілей. Купалаўцаў падтрымаў вядомы сцэнарыст Андрэй Курэйчык:

«На сённяшні дзень гэта найбольш прафесійная і таленавітая трупа краіны. Я лічу знішчэнне тэатру абсалютным злачынствам супраць беларускага народу, супраць беларускага мастацтва і тэатру, і гэта абсалютна беспрэцэдэнтна ў гісторыі не толькі Беларусі, але і Еўропы».

У розных раёнах Менску цягам дня выстройваліся ланцугі салідарнасці. А каля паўтысячы працаўнікоў Белазу прайшліся маршам ад прахадной да цэнтру Жодзіна. Далучыліся да іх і гараджане.

Паводле падлікаў праваабаронцаў толькі ўчора агулам у краіне затрымалі больш як паўсотні асобаў. Два дзясяткі працаўнікоў гарадзенскага Азоту выпусцілі, але затрымалі тых, хто прыйшоў іх падтрымаць. Гарадзенцаў актыўна выклікаюць у следчы камітэт у якасці сведкаў у крымінальнай справе за арганізацыю масавых беспарадкаў. Як і па ўсёй Беларусі, у Горадні працягваюцца суды над затрыманымі гэтымі днямі ўдзельнікамі пратэстаў.

Уначы нацыянальны сцяг зʼявіўся на адным з найвышэйшых будынкаў гарадзенскага Азоту, нягледзячы на ўсе змаганні ўладаў з пратэставаю сімволікай. Толькі ў гарадзенскай краме «Адметнасць» падчас ператрусу канфіскавалі каля сямі дзясяткаў бел-чырвона-белых сцягоў, а краму «Князь Вітаўт» у Берасці пазбаўляюць памяшкання з палітычных матываў.

«Ва ўладаў найбольш прэтэнзіяў выклікае сімволіка. Бывала, што яны не цікавіліся нічым падчас праверак, апроч сцяжкоў, кубкаў і ўсяго, на што нанесеная Пагоня ці бел-чырвона-белае спалучэнне колераў», – тлумачыць саўладальнік крамы Алег Чапараў.

Артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якія штодня падтрымоўваюць мірныя пратэсты ў краіне, пашырылі геаграфію сваіх выступаў. Сёння яны спявалі не на прыступках да сваёй канцэртавай залы, а ў сталічным гандлёва-забаўляльным цэнтры «Галерэя» на праспекце Пераможцаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»