Свята скончылася затрыманнямі і судамі. Дзень Волі сёння і 30 гадоў таму


30 гадоў таму, 25 сакавіка 1989 году, адбылося першае публічнае святкаванне Дня волі. Тады, у час існавання Савецкага саюзу, незалежнасць – заставалася мэтаю, да якой ішлі шчыльнымі шэрагамі… Больш за сотню студэнтаў скандавалі за адраджэнне Народнай Беларусі. Як і цяпер, бел-чырвона-белы сцяг не быў дзяржаўным, а свята скончылася затрыманнямі і судамі…

Пачатак 90-ых – гэта Рэнесанс для святкавання Дня Волі. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці «25-га сакавіка» было адною з найбольш шанаваных датаў – узгадвае мастак Аляксей Марачкін:

«Ужо быццам троху забываецца… але пры Станіславе Шушкевічы, Зяноне Пазняку свята адзначалася традыцыйна, Філармоніяй. Гэта быў канцэрт, «Харошкі» выступалі, сцэна, веліч. Мы вельмі моцна радаваліся».

Святкавалі першыя дзяржаўныя асобы. З эміграцыі вярталіся дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі… Гэтак было нядоўга – да замацавання ва ўладзе дзейнага кіраўніка краіны.

«Цяперашняя ўлада не далёка адышла ад гэтых савецкіх стэрэатыпаў. Яна нібыта гуляе на гэтым полі, але яна баіцца і Масквы, і росту нацыянальнай самасвядомасці, бо разам з тым будзе расці і палітычная актыўнасць. А гэта для рэжыму небяспека», – кажа Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік.

101 год таму ў трэцяй Статутнай Грамаце Рада Беларускай Народнай Рэспублікі засведчыла на ўвесь свет нараджэнне новай беларускай нацыі, якая мае мову, традыцыі, правы на незалежнасць і самастойнае развіццё.

Гэтыя каштоўнасці прыцягваюць да Дня Волі на працягу ўсяе гісторыі. Спадар Сцяпан жыве ў Беларусі апошнія 14 гадоў…

«Дачка ў мяне беларуска. Я падтрымліваю цалкам БНР. А то цяпер пачынаюцца такія размовы, што беларусаў няма, украінцаў няма, ёсць толькі адная Расея. Гэта ж глупства!» – гаворыць Сцяпан, удзельнік святкавання.

Не палітычныя лозунгі, а гістарычныя кнігі прывялі на свята і спадарыню Алену:

«У мінулым годзе мы былі ўпершыню. Дзеткі малыя яшчэ, з імі асабліва на імпрэзы не выйдзеш. Але вырашылі паспрабаваць – надвор’е сонечнае і нам вельмі падабаецца!»

Усё дзякуючы ўвядзенне летась новага фармату святкавання. Дагэтуль 25-га сакавіка мела больш пратэставы, чымся святочны настрой. На шэсці выходзіла пераважна палітычная апазіцыя, удзельнікаў затрымлівалі.Летась дзень Волі атрымаў дазвол на правядзенне і сабраў каля 30 тысячаў чалавек. Сёлета свята раскідалі на 2 гарады, але вяртацца да забароны святкавання не сталі, што не спадабалася ідэолагам рускага свету. Аляксандр Класкоўскі:

«Яны будуць бачыць русафобію ці як яны кажуць – бандэраўшчыну, усюды, дзе збяруцца 3 свядомыя беларусы. Таму мяркую, што ўлады сёлета перастрахоўваюцца, намагаючыся пагасіць гэтае свята, расцерушыць».

Што афіцыйнае святкаванне выйшла за межы сталіцы – можа пайсці на карысць і замацаваць традыцыю адзначэння таксама ў рэгіёнах. Але для шмат каго мараю застаецца, « Каб гэтае свята мае адзначацца на самым высокім узроўні, у Палацы Рэспублікі, а не туляцца там недзе каля кінатэатра «Кіеў«» – кажа Мастак Аляксей Марачкін.

Хоць і не ў Палац Рэспублікі, але са сцяжком у кішэні і адпаведным настроем на імпрэзу ідуць – абсяг беларушчыны пашыраць ды з аднадумцамі сустрэцца…

Юлія Цяльпук, belsat.eu