Свята шалашоў, альбо як габрэі адзначаюць свята Сукот


Сукот, альбо Свята шалашоў – адное з асноўных традыцыйных святаў габрэйскага народу, якое пачынаецца на 15-ы дзень новага года паводле габрэйскага календара і цягнецца тыдзень. Падчас яго ладзяцца трапезы па-за домам у «суцэ», то бок у шалашы (адсюль і назва свята) – як напамін пра блуканне габрэяў па Сінайскай пустыні. На завяршэнне сёлетняга святкавання Сукоту ў Гомлі завітаў і «Белсат».

Святочны стол, а таксама абавязковыя рытуальныя расліны: этрог альбо цытрон, а таксама люляў, гадас і арава – гэта галінкі фінікавай пальмы, мірту і вярбы адпаведна. У гомельскай габрэйскай абшчыне «Ахдут» сёння вялікае свята – Сукот.

«Сукот – гэта свята, калі ўсе габрэі, нягледзячы на тое, як яны ставяцца да Торы, як яны ставяцца да габрэйскай суполкі, павінны ўзгадаць, што яны габрэі, сабрацца ўсе разам і ўсе разам выканаць гэты запавет: мы павінны трымацца адзін аднаго, куды б нас ні занесла, што б з намі ні адбывалася ў жыцці», – кажа Ізраіль Пракапенка, памочнік рабіна.

Расліны сімвалізуюць стаўленне габрэяў да Торы. Хтосьці трымаецца Святога пісання больш, хтосьці менш. Але ў Сукот усе маюць агульны абавязак – аб’яднацца, каб быць разам.

«З габрэямі на працягу доўгіх гадоў што толькі ні спрабавалі зрабіць. У кожнага народу павінен быць струмень, вакол якога трэба абʼядноўвацца. У габрэяў – гэта Тора, наша традыцыя, наша культура. Мы ў адказе адзін за аднаго і павінны дапамагаць адзін аднаму», – працягвае Ізраіль Пракапенка, памочнік рабіна.

На мясцовае святкаванне Сукоту сабралася жаночая суполка, якая функцыянуе ў межах «Праекту Кешэр», міжнароднай габрэйскай арганізацыі, заснаванай у ЗША яшчэ 30 гадоў таму.

«Ёсць традыцыі, якіх мы спрабуем трымацца, ёсць габрэйскія святы. Але святы габрэйскія – яны не толькі для габрэяў. Вы самі бачылі, што тут былі не толькі габрэі, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў», – распавяла Марына Мардуховіч з габрэйскай жаночай суполкі «Кешэр».

Усе ўдзельнікі святкавання таксама атрымалі цытаты габрэйскіх мудрацоў з рознымі вызначэннямі радасці. Фінальную ж кропку імпрэзы паставіў традыцыйны танец пад гімн радасці “Хава нагіла”, што ў перакладзе з іўрыту азначае літаральна: “Узрадуемся”.

Міхась Ільін, «Белсат»