Свята - ля Опернага тэатру, хапун - на плошчы Якуба Коласа. Як Менск сустрэў 100-годдзе БНР


На плошчы Якуба Коласа а 12-й гадзіне мусіла пачацца шэсце, на якое заклікаў Мікалай Статкевіч. Аднак паўсюль міліцыя, і ўсіх, хто выходзіць на плошчу, затрымліваюць і праводзяць у аўтазакі.

Агулам затрымалі каля 70 асобаў – як актывістаў і журналістаў, так і звычайных грамадзянаў.

«Правераць дакументы, і ўсё будзе нармальна», – казалі міліцыянты.

Удзельнікі акцыі на плошчы Якуба Коласа казалі:

«Год таму разагналі людзей. І не нагадаць уладам аб гэтым – гэта проста няправільна».

«Вось унучка ёсць. З другога боку, для яе і прыйшоў! Для праўнукаў! Што яшчэ магу, тое павінен зрабіць!»

«Хачу, каб будучыня ў маіх дзяцей была. Мне страшна, што мы так жывем і баімся. Гэта проста жах нейкі!»

Таксама правялі прэвентыўныя затрыманні актывістаў як у Менску, так і ў рэгіёнах: людзей затрымлівалі нават на выездзе з гарадоў, каб не дапусціць іхнага візіту ў Менск.

«Безумоўна, улады спадзяваліся на тое, што беларуская апазіцыя будзе расколатая, таму што хтосьці прыняў рашэнне, я лічу правільнае, святкаваць сёння ў дазволеным месцы, хтосьці вырашыў сабрацца і прайсці несанкцыянаваныям шэсцем. Але ім гэта не атрымаецца зрабіць. І Максім Вінярскі, і Афнагель, і Таісія Кабанчук, і ўсе іншыя людзі – мы іх будзем бараніць, таксама, як і сябраў нашай арганізацыі. Мы заклікаем усіх да еднасці, да салідарнасці», – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Здавалася б, навошта ўладам разганяць нешматлікае і непрацяглае па часе шэсце?

«Калі даецца дазвол на такое масштабнае адзначэнне, у чыноўнікаў узнікае сумнеў, ці ўсё тут пад кантролем. ЦІ правільнай была палітыка папярэдніх 20-25 гадоў, калі ўсё нацыянальнае забаранялася?», – каментуе Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду».

Тым часам ля Опернага тэатру атмасфера іншая. Столькі бел-чырвона-белых сцягоў у горадзе не было, напэўна, з 2006 года, а на самой пляцоўцы прадугледжаныя забавы на любы густ – і дзіцячая пляцоўка, і шапікі з сувенірнаю прадукцыяй, і фуд-корт, і, самае галоўнае, вялікі канцэрт.

Жыхары Менску:

«Вельмі весела, і вельмі добра, што гэтае свята мы можам адсвяткаваць тут сёння. І думаю, што ў наступныя гады мы будзем святкаваць і таксама з шэсцем»

«Вельмі добра, што ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў дазволілі мерапрыемства, сабрацца тут, адсвяткаваць гэтую вялікую дату для нашай краіны».

«Фармат добры, але хацелася б, каб такое было кожны год».

«Усё вельмі добра. І гэта вялікі крок наперад».

«Мне вельмі хораша ад таго, што тут многа моладзі».

«Мы адсвяткуем тут спакойна, паспяваем, пагуляем, пафатаграфуемся – адзначым стагоддзе БНР годна!»

Сам жа канцэрт сабраў шмат вядомых імёнаў беларускай музыкі: «Дзецюкі», «Амарока», «Акутэ», Кася Камоцкая, Пётр Клюеў, Юрый Стыльскі, «Крама» ды іншыя. А правялі ўрачыстую частку імпрэзы Усевалад Сцебурака ды легенда беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка.

«Са свайго боку мы зрабілі ўсё, што хацелі, што планавалі. Падыходзіць вельмі шмат людзей да мяне, да іншых арганізатараў, ціснуць руку, дзякуюць і кажуць, што вы проста неверагодныя малайчыны. І гэта галоўнае дасягненне», – кажа Павел Белавус.

Арганізатары канцэрту кажуць, што гэтая імпрэза будзе толькі спрыяць еднасці беларусаў ды закладзе падмурак для далейшых святкаванняў Дня Волі ў агульнанацыянальным фармаце. Толькі сёлета больш за тысячу людзей ахвяравалі свае сродкі на арганізацыю імпрэзы. А ўсе працы, звязаныя з арганізацыяй, тэхнічным і медыйным падтрыманнем, выканалі валанцёры. І сапраўды, народнае свята!

Больш за дваццаць пяць тысяч чалавек сабрала вялікая імпрэза каля Опернага тэатру. Сцягі, усмешкі, песні, танцы – гэтак і выглядае пераломны момант ва ўспрыманні Дня Волі. Ад вечнага пратэсту – да ўсеагульнага святкавання.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»