Светлая памяць Раману Бандарэнку


На плошчы Пераменаў гэтаю ноччу не спалі. Сябры, знаёмыя, суседзі і проста салідарныя людзі з іншых раёнаў Менску прыходзілі ўшанаваць памяць Рамана. З сабою неслі кветкі, запальвалі свечкі. Шум ад гудкоў аўтамабіляў не спыняўся да глыбокай ночы.

«Гэта жудасна. Гэта як быццам усіх нас забілі. Вось учора быў сын у маці, а сёння яго няма. Я нават не мог уявіць, што такое магчыма ў мірнай Беларусі. Што беларусы будуць забіваць беларусаў. На яго месцы мог бы быць я, маглі б быць вы, любы з нас. Любы з тых, хто застаўся дома. Таму я палічыў неабходным прыйсці сёння сюды, каб паказаць, што мы не згодныя, што мы не забыліся, мы не даруем і мы не змірымся!» – кажуць тыя, хто прыйшоў ноччу на плошчу Пераменаў.

Пра маці Рамана цяпер клапоціцца ягоная стрыечная сястра. Да канца паверыць у тое, што здарылася, сваякі забітага ўсё яшчэ не могуць.

«Я стараюся яе агароджваць ад гэтага ўсяго. Мы ўсе ноч не спалі. Такое гора. Мы былі ўсе ў розных пакоях, але я чула, як яна ўсю ноч плакала» – казала Вольга, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Плачуць пра Рамана не толькі дарослыя, але і дзеці.

«Ён вельмі спакойны чалавек быў. Сваіх дзяцей у яго не было, але тут з дзецьмі на пляцоўцы ён вельмі часта важдаўся, маляваў, навучаў маляванню. Не толькі дарослыя, але і дзеці вельмі добра памятаюць, ведаюць і перажываюць. Гэта гвалт, збіцця, забойства людзей, бязмежжа, калі суды… Я не ведаю, што гэта за суды! Міліцыя – гэта хіба міліцыя? Яны нашы абаронцы? Гэта жах! Проста жах!» – кажуць суседзі Рамана Бандарэнкі.

Словы спачування блізкім Рамана Бандарэнкі перадаюць па ўсёй Беларусі. Апоўдні ўздоўж дарог Менску і іншых гарадоў сёння стаялі ланцугі салідарнасці. Памяць загінулага ўшанавалі хвілінаю маўчання.

«Вялікі смутак. Вялікі боль. Вельмі спачуваю бацькам Рамана і ўсім, хто быў побач з ім, хто любіў, хто працягвае любіць. Гэта нацыянальная трагедыя нашага народу. Ва ўласным доме выйшаў на двор і не вярнуўся. Пасмеў адказаць зверыне. Яны за гэта яго забілі. А мы салідарныя з усімі, хто супраць гвалту. І будзем стаяць да канца!» – кажуць удзельнікі акцыі.

У памяць пра забітага білі званы як каталіцкіх, так і праваслаўных святыняў. Сотні вернікаў сёння прыйшлі на паніхіду ў гонар Рамана.

Міхаіл Прановіч «Белсат»