Светлагорцы выйшлі на флэш-моб супраць небяспечнай вытворчасці


Меўся быць мітынг, але акурат на гэты дзень выпала мерапрыемства БРСМ. Вырашылі правесці флэш-моб у цэнтры – дык акурат у гэты момант распачаліся рэпетыцыі да святкавання Дня гораду. Гэтак, у Светлагорску грамадзяне працягваюць змагацца супраць заводу беленай цэлюлозы.

Канфлікт вакол заводу па вытворчасці сульфатнай бялянай цэлюлозы паміж мястэчкам Якімава Слабада і Светлагорскам, што на Гомельшчыне, цягнецца ўжо шэсць год. Спачатку грамадзяне беспаспяхова выступалі супраць пачатку будаўніцтва, цяпер патрабуюць спыніць працу прадпрыемства.

«Кіраўніцтва заводу, гарадскія ўлады сцвярджаюць, што завод файны, пахаў няма. Але мы не гарадскія вар’яты, разумеем, што калі мы дыхаем гэтым паветрам і адчуваем гэтыя пахі, значыць перавышэнне ўсялякіх нормаў і канцэнтрацыяў ёсць. Усё», – кажа праваабаронца Алена Маслюкова.

Жыхары Светлагорску і Якімвай Слабады пераканаліся ў шкоднасці прадпрыемства летась у лістападзе, калі завод пачаў працу ў тэставым рэжыме. З таго часу людзі рэгулярна пратэстуюць супраць смуроду. Гэтак, нягледзячы на забарону мітынгу, некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў цэнтр Светлагорску ў марлевых павязках і з зялёнымі балонікамі ў знак пратэсту супраць працы заводу.

Удзельнікі флэш-мобу падзяліліся сваймі думкамі:

«Ня трэба проста сядзець і чакаць, пакуль усе падохнуць. Ня можа быць так».

«Я ні вінавачу ні Лукашэнку, нічога, але я вінавачу вось гэтыя ўлады, што сядзяць у кабінетах, да якіх не дагрукацца!»

«Калі ў нас пачынаецца смурод, у яе (побач стаіць дзіця) пачынаецца кроў з носу і баліць галава. Яна крычыць, мамачка дапамажы, выратуй!»

Акурат у час флэш-мобу, гарадскія ўлады зладзілі ў цэнтры Светлагорску рэпетыцыю да дня гораду. Пазіцыю ўладаў прадставіў кіраўнік аддзелу прафілактыкі Яўген Бяспалка.

«Не санкцыянавана! Не дазволена! Вашыя дзеянні падпадаюць пад санкцыі артыкул 23.24 адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Калі ласка, не парушайце заканадаўства РБ і пакіньце масавае мерапрыемства», – цягам 50 хвілінаў праваахоўнік паўтараў папярэджанні, невядомыя аператары здымалі ўдзельнікаў флэш-мобу на камеру, а дзеці працягвалі рэпетыцыю да дня гораду.

Удзельнікі флэшмобу не адступалі:

«Дзяцей вось выпусцілі сюды, каб яны дыхалі гэтым паветрам. Навошта? Для каго гэта яны паказваюць».

«Самой мне ўжо Бог ведае, колькі засталося, але я хачу пажыць і пайсці сваёй смерцю, а не памерці ад гэтай кітайскай падлы. А моцна баіцца за свае пагоны! Думае, што яму начальства купіць іншае паветра!»

«Пасля завод пачаў працу і людзі сапраўды пачалі разыходзіцца».

Завод, збудаваны кітайскай карпарацыяй «САМСЕ», выкарыстоўвае ў вытворчасці дыяксід хлору. Беларускія эколагі звярталі ўвагу на тое, што тэхналогія ёсць старой і шкоднай, аднак суд Светлагорскага раёну пяць год таму прыйшоў да высновы, што парушэнняў няма.

«Я дзіця са школы забіраю з ванітамі! Што мне рабіць – да вас прыходзіць? Ці хуткую выклікаць? Вось, маё дзіця стаіць! Мамы, дзе вы ўсе мамы нашага гораду?!» – з такім пытаннем жанчына звярнулася да міліцыянты, які ўсё паўтараў заклікі разысціся, таму што «мерапрыемства несанкцыянаванае».

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu