Свет просіць Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне


Чатырыста расстраляных за часы незалежнасці Беларусі. Апошнія смяротныя прысуды былі выкананыя ў лістападзе.

Асуджаныя за суворыя злачынствы Генадзь Якавіцкі, Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі маглі быць забітыя ў адзін дзень.

А сёння ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі «Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка» ў Менску задаваліся пытаннем: ці гэта слушны шлях?

ПАРВАЙС ДЖАБАР, ПРАВААБАРОНЦА, ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ:

«На фоне дыялогу Беларусі з Еўропаю ў пытанні адмены смяротнага пакарання выкананне смяротных прысудаў можа выклікаць толькі расчараванне. Імаверна, трэба было б разгледзець увядзенне мараторыю на выкананне ўсіх смяротных прысудаў».

Пакуль у Беларусі такое было не магчыма. Улады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996-га года, у якім паводле афіцыйнай версіі больш за восемдзесят адсоткаў удзельнікаў прагаласавалі супраць адмены смяротнага пакарання. Дадатковым аргументам была крымінагенная сітуацыя ў краіне.

РЫГОР ВАСІЛЕВІЧ, БЫЛЫ ГЕНЕРАЛЬНЫ ПРАКУРОР БЕЛАРУСІ:

«Смяротнае пакаранне на акрэсленых этапах, калі адбываецца значны ўзрост злачыннасці, гэта фактар стрымання. Але калі мы даходзім да нейкага ўзроўню якасці, магчыма гэтае пакаранне не мае рашучага значэння».

Тое, што стаўленне беларусаў да практыкі смяротнага пакарання цягам апошніх гадоў паступова змянілася, пацвярджаюць сацыялагічныя даследаванні. Паводле прысутных на сустрэчы праваабаронцаў, колькасць прыхільнікаў найвышэйшай меры пакарання цяпер значна меншая ў параўнанні з 1996-ым годам.

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ:

«Сёння такіх людзей прыблізна палова. Я спадзяюся, што гэтая праблема цягам бліжэйшых гадоў будзе развязаная».

Міжнародныя эксперты перакананыя, што і надалей неабходна працаваць з грамадскаю думкаю. А таму на першым месцы – інфармацыйныя акцыі, якія змогуць пераканаць, што, апрача смяротнага, існуюць іншыя формы цяжкіх пакаранняў. Аднак большасць удзельнікаў менскай канферэнцыі не сумняецца, што развязанне праблемы ў Беларусі мае выключна палітычны ключ.

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА:

«Практыка смяротнага пакарання гэта адзін са шлагбаумаў, якія не даюць увайсці ў склад Рады Еўропы. Там ёсць заяўка, якую беларускія ўлады не адклікалі. Трэба выканаць акрэсленыя стандарты».

Запрашэнне ў Раду Еўропы магло адкрыць для Беларусі новыя міжнародныя кантакты і прынесці эканамічныя карысці. Адмысловы спавяшчальнік пар’е па Беларусі прапаноўвае ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне пакуль на год.

АНДРЭА РЫГОНІ, ДАКЛАДЧЫК ПАРЕ ПА БЕЛАРУСІ:

«Для Беларусі надышоў час зрабіць чарговы крок наперад. Для Рады Еўропы гэта будзе як падсумаванне пытанняў дачыненняў і супрацы».

Ці такое магчыма? Набліжаныя да ўлады людзі не выключаюць мараторыю, але ўносяць свае папраўкі.

РЫГОР ВАСІЛЕВІЧ:

«Можна выключыць нейкія злачынствы, напрыклад акты тэрарызму, у выніку якіх могуць загінуць людзі».

Так ці інакш, пастанавіць без сумневу можа толькі адная асоба – Лукашэнка. У той жа час у Беларусі яшчэ адзін асуджаны чакае на выкананне прысуду. А значыць, спіс расстраляных можа папоўніцца ў кожную хвіліну.

Ян Бабіцкі, «Белсат»