Сведкам выпадку ў «Арэне-Сіці» забаранілі адказваць на пытанні СМІ


Пакуль Следчы камітэт разбіраецца з прычынамі і наступствамі абвалу столі ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці», наведнікі крамы абмяркоўваюць, што сталася прычынаю здарэння і ці яно не паўторыцца. Ці бяспечна хадзіць па нашых гандлёвых цэнтрах?

З аднаго боку, гучныя заявы пра высокія еўрапейскія стандарты пры стаханаўскіх тэмпах будоўлі, а з іншага – суворая рэальнасць, ахвярамі якой робяцца звычайныя людзі.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Арэна-Сіці» адкрылі больш за пяць гадоў таму. Тады тагачасны кіраўнік Менскага гарвыканкаму заяўляў пра выкарыстанне пры будоўлі найноўшых заходнееўрапейскіх тэхналогіяў ды хваліўся новым абліччам праспекту Пераможцаў.

«Прыемна, што такі комплекс пабудавала беларуская кампанія, якая будзе прасоўваць і беларускія тавары, у адрозненне ад замежных аператараў», – словы Мікалая Ладуцькі, старшыні Менгарвыканкаму (2009–2014).

Будавала цэнтр кампанія «Трайпл», што належыць Юрыю Чыжу. Тады імперыя бізнесоўца квітнела, а сам ён быў у цудоўных стасунках з Лукашэнкам. Цяпер і ў самога Чыжа справы ідуць не найлепшым чынам – ён паспеў пасядзець у ізалятары. Тым часам «Арэна-Сіці» пачала ў даслоўна развальвацца.

«Пры маленькім дажджы ў фае выстаўляюцца вёдры і тазы, якія ўлоўліваюць кроплі са столі. Гэта працягваецца гадамі – кіраўнікам усё адно. А калі спусціцца на эскалатары ў падземныя гаражы, то варта звярнуць увагу на стан перакрыццяў – усе яны пакрытыя іржой, з’едзеныя вадой», – кажа блогер Дзяніс Блішч.

Скончылася такое стаўленне ўчорашнім абвалам ста пяцідзесяці квадратных метраў столі, у выніку чаго пацярпелі два чалавекі. Цяпер «Арэну-Сіці» правярае камісія, якая вызначыць, у якім стане канструкцыя будынку і ці няма пагрозы далейшых абвалаў. Сам цэнтр не працуе за выключэннем супермаркету «Прастор» («ProStore») і паркінгу. А Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце здарэння.

«Ёсць недапрацоўка тэхналагічная, тэхнічная. На стадыі праекту. У нас вельмі тэрміны душаць будаўнікоў, і яны, адпаведна, робяць халтуру часта», – тлумачыць Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў ІІ склікання.

А што пра якасць і бяспеку такіх пабудоваў думаюць менчукі?

«Страшна, што зараз так будуюць, так працуюць – такая бязладнасць і проста няма адказнасці».

«Магчыма, недзе было ўпушчана ў будаўніцтве, недзе пашкадавалі грошай».

«Хай правяраюць усё. Бо страшна, што пойдзеш, а нечакана нешта зваліцца на галаву ці штосьці гэтага кшталту».

«Проста трэба больш жорстка рэгуляваць, глядзець, вось гэтыя тэхнагляды і іншае».

На меркаванне адмыслоўцаў, здарэнне ў цэнтры «Арэна-Сіці» не азначае, што варта чакаць такіх сітуацыяў на іншых аб’ектах. Але пры цяперашнім стаўленні да будоўлі і нізкай адказнасці забудоўнікаў нічога добрага чакаць таксама не даводзіцца.

«Адбылося гэтае не таму, што чалавечы фактар, а таму, што гэта звычайнае неахайнасць і безадказнасць. Ну, і магчыма, недзе карупцыя. Бо можна цэменту там недзе не дакласці, можна нейкай іншай маркі ўзяць… Розніца ў кошце будматэрыялаў можа дасягаць 1000 % – адной і той жа цэглы, фарбы», – кажа Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў ІІ склікання.

На ўмовах ананімнасці сведкі абвалу столі ў цэнтры «Арэна-Сіці» паведамілі «Белсату», што да іх падыходзілі людзі ў цывільным, якія казалі ім нічога не паведамляць пра здарэнне ні сродкам масавай інфармацыі, ні знаёмым. Навошта ж такія таямніцы?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu