Сваволя чыноўнікаў у калгасе: Які шпіталь? Давай на дойку!


Алена Яцэнка адпрацавала ў калгасе «Батчы» на Кобрыншчыне ўжо больш за 23 гады. Маці васьмярых дзяцей праз цяжкую працу займела страшныя хваробы. Што не выклікала ніякае спагады начальства.

«Місюк Дзмітрый Уладзіміравіч прымушаў мяне ісці даіць кароў. Хаця ён ведаў мой стан здароўя, што хварэю – перанесла інсульт, інфаркт, перанесла клінічную смерць. Але ён усё ж такі прымушаў», – дзеліцца Алена.

Апроч даення кароў, спадарыню Алену змушалі лапаціць зерне

Пасля чатырох дзён такое работы кабета трапіла ў шпіталь. Але гэта яшчэ не канец гісторыі.

«Трапіла ў шпіталь у кардыялагічнае аддзяленне. Калі я трапіла, на трэці дзень паступіў званок – «На якой падставе яна ў шпіталі? Нам трэба на дойку!», – абураецца спадарыня Яцэнка.

Цяпер Алена Яцэнка дамагаецца, каб яе перавялі на больш лёгкую працу ў сувязі са станам здароўя. Кабеце ў адказ запрапанавалі звольніцца.

Да фізічных цяжкасцяў дадаюцца недаплаты заробкаў

Гэтак, яшчэ адная працаўніца калгасу ў Батчах сведчыць, што ейны працоўны дзень штучна павялічылі без адпаведнай фінансавай надбаўкі.

«Прыходзіла на 7:00 раніцы, запраўляла тэхніку да 9:00. Мне ніхто гэтыя гадзіны працоўныя не ставіў, у мяне працоўчны час 9:00 – 17:00», – даводзіць Таццяна Чарун.

Хто вінаваты?

Ува ўсім гэтым бязмежжы вяскоўцы вінавацяць намесніка старшыні калгасу Дзмітрыя Місюка. Звязацца з ім не ўдалося, а старшыня калгасу Алег Гангала таксама не даў нам разгорнутага каментара.

Далёка не ўсе вяскоўцы асмельваюцца размаўляць з «Белсатам»

Відавочна, мясцовыя жыхары папросту баяцца намесніка кіраўніка калгасу.

«Гэта нейкі чалавек, які з’явіўся на гэтай тэрыторыі, невядома адкуль і фармальна кіруе яшчэ больш чым той кіраўнік, які займаецца кіраўніцтвам калгасу», – тлумачыць праваабаронца Валянцін Лазарэнкаў.

Абараніцца працаўнікам, са словаў Валянціна Лазарэнкава, можа дапамагчы прафсаюзная Камісія ў пытаннях працоўных спрэчак. Калі ж і гэта не развяжа праблемы, праваабаронца раіць вяскоўцам звяртацца ў пракуратуру.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum