Сусветны дзень правоў чалавека


Ва ўсім свеце сёння адзначаецца Дзень правоў чалавека. Сімвалічна, што менавіта сёння, у такі дзень, у беларусаў забралі чарговае права і прыдумалі для нас новае пакаранне. Цяпер за вывешванне незарэгістраванай сімволікі будзе адміністратыўная адказнасць – штраф або арышт.

Сёлетнія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – беспрэцэдэнтныя.

«Памагчы можа толькі цуд… Не ведаю, калі шчыра. Вельмі сумна».

«Я лічу, што эканамічны крызіс – гэта адзіны з рычагоў уздзеяння на існы рэжым на дадзены момант. На дадзены момант».

«Дакладна ўнутры краіны мы мусім вырашаць гэтае пытанне – самыя, без старонніх».

«А якія правы парушаюцца? Людзі збіраюцца, як хочуць. Хто хоча – працуе. Я лічу, што нармальна ўсё», – мяркуюць беларусы.

Большасць затрыманых людзей цягам апошніх месяцаў асуджаныя паводле сумнавядомага артыкула 23 34.

«Дзясяткі тысячаў людзей былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, мірных маніфестацыях. На той падставе, што яны парушылі так званы закон аб правядзенні мірных сходаў, але ўлады саромеюцца казаць ці спецыяльна хаваюць, што гэты закон, ён супярэчыць палажэнням Канстытуцыі», – распавядае старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

А таксама – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай ААН 72 гады таму. У Беларусі парушаецца большасць яе артыкулаў. Таму міжнародная супольнасць павінна больш жорстка ціснуць на ўлады Беларусі, лічыць Алесь Бяляцкі. І такі ціск расце. Гэтак, напярэдадні Генеральная пракуратура Літвы распачала дасудовае расследаванне аб гвалце збоку беларускіх сілавікоў. Такім чынам суседняя краіна выкарыстоўвае прынцып універсальнай юрысдыкцыі.

«Улічваючы, што цяпер беларускія грамадзяне, пацярпелыя ад сваволля сілавікоў, застаюцца і ў іншых краінах Еўропы, я думаю, што гэты працэс таксама будзе працягвацца, і крымінальныя справы будуць заведзеныя ў іншых еўрапейскіх краінах», – разважае Алесь Бяляцкі.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», на сёння дзяржава распачала больш за 900 крымінальных справаў у дачыненні беларусаў, якія бралі ўдзел у мірных пратэстах.

Сёлета Алесь Бяляцкі і праваабарончы цэнтр «Вясна» сталі аднымі з лаўрэатаў прэстыжнай шведскай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека, якую яшчэ называюць «Альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй». Гэта азначае не толькі, што міжнародная супольнасць прызнае жорсткасць падзеяў у Беларусі, але і ролю праваабаронцаў у барацьбе за правы чалавека ў нашай краіне.

Надзея Бельская, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.