Сусветная арганізацыя здароўя: ледзь не кожны пяты чалавек мае разлад псіхікі


Гэта не толькі цяжкія хваробы кшталту шызафрэніі ці аўтызму. Гэта і дэпрэсія, алкагольная і наркатычная залежнасць, старэчая дэменцыя. Тое, з чым амаль кожны з нас хоць раз сутыкаўся ў жыцці. Працэс узаемадзеяння з гэткімі людзьмі ды далучэння іх да грамадства называецца інклюзіяй. І яна не абмінула нашай краіны.

«Партрэт» – адзін з праектаў для людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі, зарганізаваны менскім клубам «Адкрытая душа» і Радыё Свабода. Галоўны герой распавядае гісторыю сваёй хваробы, мастакі малююць ягоны партрэт, а прысутныя – задаюць пытанні.

«Мне вельмі хацелася б, каб наш праект даў надзею людзям, у якіх ёсць праблемы», – распавядае арганізатарка імпрэзы Кацярына Гузоўская-Гара.

Сярод герояў «Партрэту» – Павел, хворы на біпалярны афектыўны разлад. Гэтая хвароба характарызуецца рэзкімі зменамі настрою: ад усплёску энергіі да дэпрэсіі:

«У адзін момант я прачнуўся і зразумеў, што я нейкі няўдачнік, у мяне нічога не склалася ў жыцці. Пачалі з’яўляцца суіцыдальныя думкі» – распавядае ён.

Павел нават напісаў развітальную запіску і прадумаў, як сысці з жыцця. Выратавалі сябры ды сваякі.

«Яны мне не верылі, але яны бачылі знешне, што са мной нешта не тое. І стараліся неяк падтрымаць».

Медычнае лячэнне пазбавіла Паўла ад суіцыдальных думак. Ён нават змог адпрацаваць паводле размеркавання настаўнікам гісторыі ў родным паселішчы:

«Такое стаўленне было – ён трохі іншы, ён зварʼяцелы».

Недахоп спецыялістаў у вясковай мясцовасці перамог стэрэатыпы. Павел застаўся ў школе, але як толькі размеркавальны тэрмін закончыўся, пачаў працаваць з дому, каб пазбегчы лішніх стрэсаў. Таксама вёў суполку дапамогі хворым на біпалярны афектыўны разлад.

«Ствараць, калі браць дакладную тэрміналогію, суполку ўзаемадапамогі. Сустракацца ў Менску. Нам моцна дапамог, даў памяшканне клубны дом».

Дырэктарка клубнага дому «Адкрытая душа» псіхолаг Вольга Рыбчынская кажа, што дапамога людзям з псіхічнымі разладамі лягла на плечы грамадскіх актывістаў. Дзяржава робіць крокі ў гэтым кірунку, але гэтага не дастаткова:

«Разрыў у інклюзіі людзей з псіхічнымі разладамі паміж намі і больш цывілізаванымі краінамі, канечне, відавочны. […] На дзяржаўным узроўні дапамога людзям з псіхічнымі разладамі ў асноўным сканцэнтраваная ў дамах-інтэрнатах. Гэта даволі негуманны метад дапамогі. І гэта паслуга хутчэй для дажывання, чым для прыстойнага ўзроўню жыцця».

Адна з галоўных праблемаў, падкрэслівае псіхолаг, – гэта стаўленне грамадства да псіхічна хворых людзей. Мы запыталі ў менчукоў, ці гатовыя яны жыць і працаваць побач з людзьмі з псіхічнымі адхіленнямі:

«Залежыць ад таго, якая псіхічная хвароба, яны ж розныя бываюць».

«Пытанне: а ў нас ёсць нармальныя людзі?»

«Калі чалавека магчыма далучыць да соцыуму, то трэба спрабаваць гэта зрабіць».

Прычым не толькі з гледзішча гуманізму, але і эканамічных чыннікаў. У Сусветнай арганізацыі здароўя падлічылі, што праз рост недзеяздольнасці з прычыны псіхічных хваробаў да 2030 года глабальная эканоміка згубіць 16 трыльёнаў долараў.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu