«Сустрэчы еўрапейскіх лідараў з Ціханоўскай – маральная падтрымка прыхільнікаў пераменаў»


Паабяцаў дапамагчы ў перамовах з Лукашэнкам ды запрасіў выступіць перад французскім парламентам. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон сустрэўся са Святланай Ціханоўскай падчас візіту ў Літву. Размова вялася пра магчымы ўдзел Францыі ў арганізацыі дыялогу з уладамі Беларусі для правядзення новых выбараў.

«Сустрэча была вельмі цёплай, я вельмі рада, што спадар Макрон дэталёва ведае пра сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і гатовы ўсяляк падтрымоўваць беларускі народ. Мы абмеркавалі вельмі шмат пытанняў, у прыватнасці, якім чынам Францыя можа дапамагчы развязаць палітычны крызіс», – кажа Святлана Ціханоўская.

Французскі лідар заявіў, што будзе дабівацца, каб пасярэдніцтва ва ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі ўзяла на сябе АБСЕ.

«Наш прыярытэт сёння – рашучае асуджэнне і санкцыі. Нам таксама неабходна ўдзельнічаць у пасярэдніцтве. Чаго трэба пазбегчы, дык гэта геапалітызацыі канфлікту. Пераход мае быць у максімальнай ступені мірным і мае быць рашэннем Беларусі, без аніякага ўмяшання з-за мяжы», – падкрэслівае прэзідэнт Францыі Эманюёль Макрон.

Сустрэча з прэзідэнтам Францыі стала чарговым жэстам прызнання ў Еўропе Святланы Ціханоўскай як прадстаўніцы беларускага народу. Раней прайшлі ейныя спатканні з лідарамі Польшчы ды Літвы, а таксама з міністрамі замежных справаў Еўразвязу ў Бруселі.

«Гэтыя сустрэчы і з Макронам, і вось, як стала вядома, з Мэркель – яны найперш, канечне, маюць значэнне сімвалічнае, гэта маральная падтрымка прыхільнікаў перамен у Беларусі», – лічыць палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Сёння Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць Лукашэнкі ды ягонага атачэння, у краінах Балтыі падобныя абмежаванні ўжо дзеюць. Персанальныя санкцыі супраць адказных за жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі мае прыняць у найбліжэйшыя дні Еўразвяз. Ціханоўская лічыць, што Еўропа можа пайсці яшчэ далей ды ўвесці таксама эканамічныя санкцыі супраць асобных бізнесоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым. Французскі прэзідэнт абяцае санкцыі падтрымаць і дадае, што толькі супраца з Расеяй можа развязаць праблему:

«Калі мы хочам моцнага міру ў Еўропе, мы павінны супрацоўнічаць з Расеяй, бо мы маем агульную геаграфію і агульнае мінулае. Вядома, у нас былі складаныя перыяды, і я ведаю, што тут, у Літве, вы перажылі рэпрэсіі, людзей тут забівалі. Але мы не можам жыць так, нібы Еўропа размяшчаецца вельмі далёка ад Расеі».

Расея лічыць стасункі з Беларуссю нязменна братнімі, нягледзячы на вонкавую сітуацыю

«Цяпер з улікам той няпростай сітуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь, у тым ліку ва ўмовах беспрэцэдэнтнага вонкавага ціску пасля прэзідэнцкіх выбараў, хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: адносіны Расеі з Беларуссю не залежаць ні ад часу, ні ад канʼюнктуры, маюць пад сабой трывалы падмурак», – заяўляе Уладзімір Пуцін.

На думку Аляксандра Класкоўскага, Еўропа не спяшаецца назваць Святлану Ціханоўскую прэзідэнткаю, між іншага, і таму, каб не ўваходзіць у канфрантацыю з Крамлём, які вынікі выбараў у Беларусі прызнаў:

«У Еўропы ў прынцыпе абмежаваныя вагары ўздзеяння на беларускую сітуацыю, плюс Еўропа яшчэ баіцца, што калі мацней стане націскаць, дык уштурхне Беларусь у Расею. І такая рызыка сапраўды існуе, уплыў Крамля значна большы. Але ў Крамля свае планы ў галаве, і гэтыя планы небяспечныя для беларускай незалежнасці».

Таму адзіным чыннікам, які можа і абараніць незалежнасць Беларусі і дамагчыся змены ўлады ў краіне, застаецца палітычная актыўнасць беларускага народу, лічыць палітолаг.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»