Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным «не склеілася»


Чакалі моцных заяваў, а пачулі апраўданні. Пасля трохдзённага замоўчвання вынікаў візіту ў Сочы Аляксандр Лукашэнка ўрэшце асабіста падзяліўся акалічнасцямі перамоваў з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Аднак стратэгія «лепш позна, чымся ніколі» не спрацавала. Чаму кропак над «і» інтэрв’ю расставіла меней, чымся спарадзіла новых пытанняў?

«Яны крычаць аб тым, што не проста шурпатасці, заіскрыла паміж прэзідэнтамі! Бяда! І пачынаюцца рознага роду выдумкі і разважанні» –

гэтак Лукашэнка адрэагаваў на ацэнку вынікаў ягоных перамоваў з Пуціным у беларускіх незалежных ды расейскіх медыях падчас вялікага інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-1». Што праўда, развянчаць асабіста ўсе згадкі і гіпотэзы беларускі кіраўнік не спяшаўся.

«Склалася ўражанне, што гэтая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным не атрымалася. Не склеілася, як кажуць. І, напэўна, таму афіцыйныя беларускія медыі і прэс-служба кіраўніка дзяржавы тры дні маўчалі як рыбы» – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

А выглядае, што пахваліцца і сапраўды асабліва няма чым. З вялікім імпэтам Лукашэнка адзначыў, што абмеркаваў з Пуціным палітыку Трампа і візіт расейскага лідара на вяселле міністаркі замежных справаў Аўстрыі. А вось важныя для беларускай эканомікі пытанні засталіся без адказаў. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Ён дэ-факта прызнаў, што агенцтва «Ройтэрз», якое паведамляла пра будучыя жорсткія захады Расеі зменшыць экспарт нафтапрадуктаў, перастаць праплочваць паводле схемы перамытнення нафты і гэтак далей, – што гэта ніякія не выдумкі, так яно і ёсць. Але як вырашаць гэтыя праблемы, Лукашэнка дэ-факта не сказаў».

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што галоўным страхам для яго застаецца эканоміка. Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода»:

«Сваймі словамі Лукашэнка пацвярджае, што цяперашні рост ВУП, які назіраецца ў 2017–2018 гадах у Беларусі пасля трох гадоў стагнацыі, – гэта зусім не ластаўка першага росту, а хутчэй за ўсё, як кажа большасць эканамістаў, нейкае выключэнне. А бліжэйшыя месяцы нас чакае вялікая праблема».

Паспяшаўся Лукашэнка абвергнуць і тое, што мэтаю сустрэчы магла быць незадаволенасць беларускага кіраўніка кандыдатураю новага амбасадара і паўнамоцнага прадстаўніка Расеі ў нашае краіне Міхаіла Бабіча. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Усе гэтыя разважанні, што тут кагосьці накіравалі, што яны ледзьве Беларусь пад кантроль возьмуць, што Лукашэнкам будзе хтосьці кіраваць. Гэта глупства несусветнае. І пасля нашае сустрэчы адбылася ягоная сустрэча, Уладзіміра Уладзіміравіча, з амбасадарам у Беларусі – гэта абсалютная выпадковасць».

Нягледзячы на спробы Лукашэнкі запэўніць, што новых праблемаў з Расеяй нашая краіна не прыдбала, а старыя будуць абмеркаваныя ўжо неўзабаве, паводле палітычных аглядальнікаў сітуацыя хутчэй выглядае на тое, што стасункі паміж краінамі не такія ўжо і братэрскія, а прапанова Расеі сустрэцца пазней у пашыраным складзе з кіраўнікамі ўраду – гэта папросту жаданне расейскага лідара адкласці беларускае пытанне да лепшых часоў.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Фота Reuters