Сустрэча Лукашэнкі ды Парашэнкі: прыгожыя словы з нулявым вынікам


Нагода для сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятро Парашэнкі прадыктавала сённяшні тон іхнай размовы. Двум народам, якія найбольш пацярпелі ад самай буйной тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, наканаванае сяброўства і добрасуседства, казаў прэзідэнт Украіны.

Ніхто і ніколі Украіну і Беларусь не пасварыць

«Я атрымаю цвёрдыя завярэнні прэзідэнта Беларусі, што ніхто і ніколі не ўцягне Беларусь у вайну супраць Украіны, гэтага не дапусціць міралюбівы народ Беларусі і дасведчаны высокадастойны прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч», – зазначыў Пятро Парашэнка.

Аляксандр Лукашэнка за словам у кішэню не лез

Ён называў украінцаў роднымі людзьмі ды абяцаў, што ўсе прынятыя на сённяшніх перамовах дамоўленасці будуць няўхільна выконвацца з беларускага боку. Дзень, праведзены напалову ва Украіне, напалову ў Беларусі Лукашэнка, назваў сімвалічным.

А яшчэ зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка казаў, што ва Украіне рыхтуюць баевікоў для падрыву беларускае стабільнасці.

У апошнія некалькі месяцаў беларускія медыі літаральна накрыла хваля негатыўнае інфармацыі пра нашую паўднёвую суседку. То прарыў мяжы з боку Украіны, спробы правозу зброі, узгаданыя вышэй лагеры баевікоў. Але збольшага гэтая інфармацыя разлічаная на ўнутранага спажыўца.

Калі ж казаць пра сур’ёзнасць сённяшніх перамоваў і абяцанне Лукашэнкі спаўняць усе дамоўленасці, якія бярэ на сябе Беларусь, то так і хочацца задаць кіраўніку нашай краіны пытанне: як там маецца беларуска-ўкраінскі тэлеканал, пра паўстанне якога ён казаў яшчэ ў 2014 годзе?

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum