Аб'ектыў 22.06.2017 Сустрэча кіраўнікоў МЗС у Менску: дзяржаўныя медыі кажуць пра поспех, дэмакраты абураюцца


Васямнаццаць краінаў сярэдняй Еўропы – ад Італіі з Польшчай на Захадзе, да Беларусі з Украінай – на Усходзе. Міністры замежных справаў краінаў-чальцоў арганізацыі прывітаў гаспадар сустрэчы Аляксандр Лукашэнка, які падзяліўся нязменнымі прынцыпамі беларускай замежнай палітыкі.

«Для нашай краіны ў роўнай ступені істотна развіваць дачыненні як з Усходам, гэтак і з Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі. Аднак ёсць пэўныя сілы, што не пакідаюць спробаў аднавіць блокавую палітыку мінуўшчыны», – заявіў кіраўнік Беларусі.

У тым, што падобная сустрэча праходзіць у Менску, улічваючы ратацыйнае месца пасяджэнняў, нічога дзіўнага няма. Здзіўляе прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў толькі тое, што з боку еўрапейскіх гасцей не гучыць асуджэння нядаўніх падзеяў у нашай краіне.

«У Беларусі ў гэты час адбываюцца разгоны мірных дэманстрацыяў, збіццё, пасадкі за іншадумства, за ўдзел у акцыях пратэсту, забарона на дзейнасць палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. І пры гэтым усім Беларусь прымае еўрапейцаў, а Лукашэнка мае нахабства вучыць правілам жыцця і этыкету гэтых самых еўрапейцаў», – кажа Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Улады ж кажуць пра трыумф шматвектарнасці і гатовасць зрабіцца мостам паміж Азіяй і Еўропай, абы не давялося выбіраць, па якім баку таго моста трэба ў выніку апынуцца. Але паводле айчынных назіральнікаў, поспехі беларускай дыпламатыі пераацэненыя.

«Вельмі прымітыўнае ўяўленне беларускіх дыпламатаў пра еўрапейскі вектар прыводзіць да таго, што Беларусь не можа нармальна працаваць з Еўразвязам і з асобнымі краінамі Захаду, бо ўвесь Захад па-расейску разглядае, як нешта цэльнае і адзінае, што не ёсць праўдаю», – адзначае палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Калі сустрэча ўдзельнікаў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы і праходзіць без абмеркавання палітычных рэжымаў краінаў-сябраў арганізацыі, то паседжанне Парламенцкай Асамблеі АБСЕ можа быць не такім прыемным для афіцыйнага Менску, як спадзяюцца гаспадары сустрэчы. Бо між іншага там разгледзяць дзве рэзалюцыі.

«Гэта рэзалюцыя літоўскага парламентарыя – у ёй уздымаюцца пытанні палітвязняў, смяротнага пакарання і парушэнняў з будаўніцтвам АЭС у Беларусі. І рэзалюцыя шведскага парламентарыя, дзе ідзе размова пра парушэнні ў трох краінах – Расея, Азербайджан, Беларусь», – працягвае Уладзімір Мацкевіч.

Тым не менш, такая размова будзе толькі ў ліпені. Сёння ж еўрапейскія госці, прынамсі публічна, не згадалі нават пра тых чатырнаццаць асобаў – фігурантаў справы «Белага легіёну», што з сакавіка застаюцца за кратамі як абвінавачаныя ў падрыхтоўцы масавых закалотаў – якіх, зрэшты, не было.

Глядзіце таксама:

Глядзі таксама
Каментары