Суседзі пра імавернага забойцу працаўніка ФСБ у Маскве

Замах на жыццё працаўнікоў праваахоўных органаў. Паводле гэткага артыкулу Следчы камітэт Расеі завёў справу ў дачыненні чалавека, што ўчора распачаў страляніну ля сядзібы ФСБ у Маскве. З падрабязнасцямі – нашыя маскоўскія карэспандэнты.

Стрэлы на Лубянцы прагучалі каля 6-ай гадзіны ўвечары. Выхады да плошчы, дзе месціцца будынак ФСБ, адразу перакрылі сілавікі. Праз гадзіну ў ведамстве заявілі, што нападнік зліквідаваны. Акрамя яго, загінуў працаўнік ФСБ, пяцёра параненыя – адзін цяжка. Пацярпеў і выпадковы мінак.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Стральба – я не стаў, вядома, блізка падыходзіць, жыць жа хочацца. Схаваўся за рог і глядзеў», – распавядае нам відавочца.

Позна ўвечары ФСБ паведаміла: страляў адзін мужчына. Гэта быў, паводле СМІ, 39-гадовы Яўгеній Манюраў з падмаскоўнага Падольску. Манюраў з адукацыі юрыст, працаваў ахоўнікам.

Маці Яўгенія распавяла ў інтэрв’ю каналу «База», што ён быў самотны, не піў, не паліў, перастаў працаваць, а апошнімі днямі быў дзіўна ўзбуджаны. Суседзі кажуць – ціхі, спакойны, першы вітаўся.

«Нішто не прадказвала, нейкіх дзівацтваў. Нічога, што магло б прадказваць, што чалавек нешта такое можа здзейсніць, за ім не назіралася». «Паўгода таму ён проста яму запрапанаваў схадзіць у цір. На вуліцы сказаў: «А ці не хочаш схадзіць у цір пастраляць?» – распавядаюць суседзі сям’і Манюравых.

Учора стрэлам у спіну ён забіў працаўніка ФСБ. Да месца гібелі сілавіка сёння нясуць кветкі. Найверагодней стральбу нападнік вёў з-за калонаў будынку, які вы бачыце насупраць. Ён насупраць будынку ФСБ. Мы былі там, але працаўнікі ФСБ папрасілі нас сысці як мага далей.

Страляў Манюраў, верагодна, з карабіну «Сайга». У яго ўдома, паводле СМІ, падчас ператрусу знайшлі цэлы арсенал зброі. Пры сабе ў стралка нібыта быў заплечнік з выбухоўкаю. Манюраў абстраляў будынак ФСБ напярэдадні Дня работніка органаў бяспекі, калі ў Крамлі ішоў святочны канцэрт.

«Гэта свята моцных, адважных, валявых людзей, якія абараняюць Расею ад унутраных і вонкавых пагрозаў, аберагаюць яе канстытуцыйны лад і суверэнітэт, адстойваюць нацыянальныя інтарэсы нашай дзяржавы», – заявіў у той дзень Уладзімір Пуцін.

Тэрыторыю вакол месца здарэння дасюль ахоўваюць работнікі ФСБ у цывільным. Цэнтральныя каналы прысвяцілі трагедыі па адной хвіліне. Крэмль сітуацыю не пракаментаваў.

Маша Макарава, Максім Гаранін belsat.eu

Глядзі таксама