Суседзі бачылі адну з ахвяраў бабруйскага нападніка, але міліцыі не выклікалі


Пазнаёміўся з дзеўчынамі ў кавярні, запрасіў да сябе ды забіў. Нягледзячы на тое, што тыя паспелі патэлефанаваць у міліцыю. Гісторыю, якая скалыхнула Бабруйск, цяпер абмяркоўвае ўся краіна. Узнікае шмат пытанняў – ці была магчымасць уратаваць жыцці ды як папярэджваць такія злачынствы?

А 7 раніцы ў пятніцу ў міліцыю Бабруйску патэлефанавала жанчына. Яна паведаміла, што разам з сяброўкаю хаваецца ў ванным пакоі кватэры і да іх спрабуе трапіць невядомы. Назвала адрас. Але, як потым высветлілася, памылковы. Міліцыя, хоць адразу і пачала пошукі, выратаваць жанчын не паспела. Паводле чутак, адную зарэзалі, другую – забілі малатком.

«Працаўнікі крымінальнага вышуку ў самыя кароткія тэрміны выявілі мужчыну, з якім бачылі дзяўчат. Ім стаўся неаднаразова судзімы 36-гадовы бабруец, які нідзе не працуе», – паведамляецца на сайце УУС Бабруйскага Менгарвыканкаму.

Міліцыянты высветлілі, што з будучым забойцам жанчыны пазнаёміліся ў кавярні. А вось што адбывалася потым – высвятляе Следчы камітэт. Ужо завялі крымінальную справу за падвойнае забойства. Падазраванаму можа пагражаць нават смяротнае пакаранне, а вось дзеўчын – ужо пахавалі…

Цяпер гэтая тэма – нумар адзін у Бабруйску.

Жыхары Бабруйску:

«Жах! Што тут можна казаць?»

«Па чутках суседзяў, там увесь час была п’янка-гулянка».

«Можа, трэба больш міліцыі, каб гэтымі займаліся, якія на ўліку стаяць, ці неяк кантраляваць іх?»

Здымачная група «Белсату» накіравалася на тую самую вуліцу Лынькова, каб высветліць акалічнасці справы. Суседзі назвалі імя імавернага забойцы – гэта Аляксандр О., які ўжо сядзеў за забойства суседа і замах на забойства. Рэгулярна выпіваў.

«Вось, гэта ён зрабіў. Няма селязёнкі… Вось гэта ўсё ён зрабіў», – кажуць суседзі падазраванага.

Суседзі з дому насупраць кажуць, што чулі крыкі і нецэнзурную лаянку ды бачылі праз акно з уключаным святлом, як мужчына ганяў па пакоі дзяўчыну. Кажуць, думалі, што звычайны канфлікт ды міліцыю выклікаць не сталі.

«Апошнія крыкі змучаныя чула, але думала, што хлопец з дзяўчынаю пасварыліся», – кажа суседка.

Ёсць пытанні і да самой міліцыі. Ці маглі тыя паспець выратаваць дзеўчын адразу пасля званка? Адмыслоўцы тлумачаць, што ў раённых дзяжурных частках няма абсталявання для вызначэння дакладнага месцазнаходжання нумару, як на Захадзе. Да таго ж – на тое патрэбны дазвол.

«Раней, у мой час, дзяжурная частка не змагла б гэтага аператыўна зрабіць. Трэба было аформіць адпаведны запыт у пракуратуру, а потым у сотавую сувязь», – распавядае падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.

Але нават тут, калі б звесткі далі аператыўна, няма 100-адсоткавай дакладнасці месцазнаходжання.

«Базавая станцыя разбітая на сектары. Сістэма канкрэтна злічвае, у якім сектары абанент, і падае інфармацыю, што абанент у раёне нейкай вуліцы, такога дому», – кажуць у МТС.

Ці мелі такія звесткі бабруйскія міліцыянты – невядома. Афіцыйна паведамляюць, што дзеўчын шукалі ледзь не поўным складам. Праваабаронца і былы следчы Алег Волчак адзначае: такія забойствы значна прасцей папярэджваць, чымся расследаваць. А дакладней – больш эфектыўна працаваць з нядобранадзейнымі грамадзянамі. Маўляў, і базы такіх, і падставы – дзяржпраграма супраць гвалту ў семʼях – маюцца.

«Сёння няма спецыялістаў, якія б маглі гэтым займацца. Грамадзянскую супольнасць, якая мае вопыт і якая магла б падключыцца да гэтага працэсу, – іх таксама не дапускаюць. МУС сёння – зачыненыя структура, [толькі] яна акумулюе аналітыку», – распавядае праваабаронца Алег Волчак.

А не дапускаюць, бо можна шмат што даведацца.

Жыхары Менску:

«Яны робяць так, як ім трэба, як ім выгадна. Факты ёсць ці няма, яны зробяць цябе вінаватым».

«Яны не служаць закону, а служаць уладзе. Гэта розныя рэчы».

«Ведаеце, калі ў краіне перабор міліцыі, ім, можа, проста няма чаго рабіць ці мала працы? І яны проста пачынаюць чапляцца. Маўляў, неяк не так выглядаеш».

За апошнія некалькі дзён у Беларусі забілі пяць жанчын – у Бабруйску, Віцебску, Менску і Буда-Кашалёўскім раёне. У кожным з выпадкаў падазраваных затрымалі.

Сцяпан Святлоў belsat.eu